2014-08-26 15:03:09

“Magnificat-2014”: хрысціянскае кіно – шлях да Бога


RealAudioMP3 У Мінску пачаўся юбілейны, 10-ты Каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”. Напярэданні, па традыцыі, удзельнікі і госці сабраліся на св. Імшу ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля прамоўленай гаміліі арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, у якой Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі назваў фестываль адказам Касцёла на выклікі часу, старт кінафоруму дала рэжысёрская хлапушка з надпісам “Дубль 10”. 25 жніўня “Magnificat” пераехаў у Глыбокае Віцебскай вобласці – на асноўную пляцоўку, дзе і пачаліся конкурсныя прагляды. У гэтым годзе журы прыйдзецца нялёгка: на фестывале прадстаўлена рэкордная колькасць стужак – 43 фільмы з 16 краін. Іх адбіралі з сотні дасланых заявак і гэта таксама было складана – узровень хрысціянскага кіно з кожным годам расце. Гэта адзначыў і член журы Крыстаф Вульф, які ўжо не раз прыязджаў у Беларусь у якасці рэжысёра, а таксама прывозіў на “Magnificat” свае працы. Зараз яму прыходзіцца аценьваць і важным крытэрыем для яго, таксама як для філосафа і святара, з’яўляецца герой.

Пошук годнага героя ў хрысціянскім кіно – гэта галоўнае, лічыць Крыстаф Вульф. “Асноўнае, як у прынцыпе для дакументальнага і мастацкага кіно, гэта пошук героя. Мы не шукаем скандальных гісторый, нам трэба іншае – годны герой, якога можна паказаць у хрысціянскім кіно. А праз яго мне хочацца зазірнуць і ў душу саміх стужак, якія тут прадстаўлены”, - падзяліўся кінарэжысёр.

Аб тым, што аўдыторыі патрэбны не толькі станоўчыя героі, але і евангелізацыя праз найважнейшае з мастацтваў казалі ўсе. Напрыклад, рэжысёр Аляксандр Купрын з Масквы, таксама нязменны ўдзельнік “Magnificatа”, у гэтым годзе прадстаўляе фільм “Паісій Святагорац”. Над гэтай, самай вялікай і складанай за апошнія гады сярод хрысціянскіх фільмаў 6-цісерыйнай стужкай мастак працаваў два гады. Гэта апавяданне пра жыццё знакамітага афонскага старца, які па-асабліваму размаўляў з вернікамі.

Асаблівым атрымалася і кіно, але, канешне, судзіць не аўтару, сціпла падкрэсліў Аляксандр Купрын. “Чаму гэты фільм такі цікавы зараз для ўсіх, таму што па агульнапрызнанаму меркаванню ў свеце – гэта новае багаслоўе, зусім іншы метад размовы пра Бога з хрысціянскай і не толькі хрысціянскай аўдыторыяй на духоўныя тэмы. Кнігі старца Паісія ў Расіі выйшлі ў свет тыражом 5 млн. экзэмпляраў. Чаму так? Гэта так званае народнае багаслоўе, гэта чалавек, якія размаўляў з людзьмі вельмі простай і зразумелай мовай, аб самых галоўных рэчах вельмі проста і натуральна”, - паведаміў рэжысёр.

Увогуле фестываль “Magnificat” кожны год спрабуе разбіць устойлівыя стэрэатыпы наконт хрісціянскага кіно. Для большасці аўдыторыі такія фільмы абавязкова змяшчаюць кадры з купаламі, званамі, крыжом і алтаром, а па зместу нагадваюць пропаведзь ці павучанне. Гэта не так – сёння хрысціянскае кіно здымаюць па ўсіх законах і жанрах кінематографа, проста тэма закранае ўнутраны свет чалавека і прымушае змяніцца. Тым больш, фільмы з “Magnificatа” вельмі часта бяруць узнагароды на іншых фестывалях, адзначыў старшыня фестывалю, рэжысёр Юрый Гарулёў. “Гэта вельмі каштоўныя для ўсіх людзей фільмы, але не ўсе іх бачаць. Таму мы стараемся пасля фестывалю паказаць стужкі-пераможцы яшчэ ў гарадах, раёнах. Скажу сумленна, не заўсёды атрымліваецца, але мы ставім такую мэту, каб як мага больш людзей убачыла, тады можна будзе казаць, што фестываль прайшоў па Беларусі. Таму што на тэлебачанні іх не паказваюць, паколькі ёсць аўтарскія правы і трэба дамаўляцца, а для рэха фестывалю больш магчымасцяў”, - паведаміў старшыня фестывалю.Пакуль жа наперадзе ў журы насычаныя працоўныя дні, а для ўдзельнікаў – час хвалявання. Пераможцаў на фестывале “Magnificat” абвесцяць 28 жніўня.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.