Ватыканскі дыпламат пра сітуацыю у Іраку: звароты Папы да міжнароднай супольнасці
– ясныя
На наступнай сесіі
Рады па правах чалавека ААН кардынал Фернанда Філоні “зможа распавесці пра сваю місію
ў Іраку”, адзначыў арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальскай
Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, выступаючы на “Сустрэчы
за сяброўства паміж народамі”, якая праходзіць у італьянскім Рыміні. “У гэтым трагічным
кантэксце насілля задача Касцёла з’яўляецца нялёгкай, але паслядоўнай. Мы маем яснае
сведачанне Святога Айца: ён працягвае звяртацца да міжнароднай супольнасці і да ўсіх
нас, вернікаў, каб мы маліліся аб пошуку шляхоў да міру. Ён заклікае да перамоваў
і запрашае краіны, якія маюць магчымасць, спыніць агрэсара праз пасярэдніцтва механізмаў
ААН”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Дыпламат распавёў,
што мясцовыя праваслаўныя і каталіцкія біскупы і Патрыярхі, якія прыналежаць да розных
абрадаў – сірыйскага, халдэйскага, мельхіцкага, – збіраліся некалькі дзён таму разам
і дакладна сфармулявалі накірункі дзеянняў у сітуацыі насілля і пераследу рэлігійных
меншасцяў у рэгіёне.
“Па-першае, гэта заклік аб дапамозе з боку міжнароднай
супольнасці, каб спыніць насілле і забойствы, і не толькі хрысціян, але і язідаў і
іншых груп. Падумаем, што хрысціян абезгалоўліваюць і з фотаздымкаў бачна, што іх
галовы вешаюць на крукі, у якасці дэкарацый для сцен і брамаў. Гэта нешта нечуванае
і сапраўды недапушчальнае. Па-другое, іерархі просяць аб міжнароднай прысутнасці,
якая зможа гарантаваць вяртанне хрысціян ў іх пасяленні і дамы. Несправядліва, што
міжнародная супольнасць лічыць хрысціян аўтаматычна наканаванымі на выгнанне. Яны
маюць права жыць у сябе дома, дзе пасяліліся 1700 гадоў таму, яшчэ да з’яўлення іслама.
Працягваць там жыць – гэта іх натуральнае права. Акрамя таго, адна толькі іх прысутнасць
прыносіць карысць і ісламскай супольнасці, дапамагаючы змяніць сацыяльны кантэкст,
паступова спрыяючы дэмакратыі, паважаючай самабытнасць кожнага чалавека і кожнай групы”,
- сказаў арцыбіскуп Тамазі.
Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры
ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе лічыць фундаментальна неабходным з боку
міжнароднай супольнасці асуджэнне гвалтоўных дзеянняў ісламістаў не толькі ў Іраку,
але таксама ў Сірыі і Нігерыі.