2014-08-25 12:18:47

Дзяржсакратар пра сітуацыю ў Іраку: гэта не сутыкненне паміж ісламам і хрысціянаствам


RealAudioMP3 Тое, што адбываецца ў Іраку – гэта не “сутыкненне паміж ісламам і хрысціянствам”, сцвердзіў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю італьянскаму інтэрнэт-выданню “Vatican Insider” 24 жніўня 2014 г. Іерарх адзначыў, што пазнаёміўся са справаздачамі Апостальскага нунцыя ў Сірыі, у якіх апавядаецца пра пакуты саміх мусульман і іх салідарнасць з хрысціянамі. “Такім чынам гаворка абсалютна не ідзе пра сутыкненне паміж ісламам і хрысціянствам. Сярод вызнаўцаў іслама, я думаю, што большасць – гэта людзі якія адмаўляюць гэтыя брутальныя і нечалавечныя метады. Нажаль, некаторыя іх прымаюць, але думаю, што іх погляды не падзяляюцца большасцю адзінаверцаў”, - сказаў кардынал Паралін. Ён выказаў спадзяванне, што гэта частка мусульманскай супольнасці выступіць з гучнымі словамі асуджаючы насілле. “Спадзяемся, што прагучыць слова з боку мусульманскага свету”, - сказаў пурпурат.

Кардынал Паралін не пагадзіўся з меркаваннем адносна таго, што Касцёл “мала робіць” у дадзенай сітуацыі. “Не заўсёды неабходна шмат крычаць, каб вырашыць праблемы. У любым выпадку Папа шмат разоў уздымаў голас і нельга казаць, што Касцёл быў вельмі маўклівым. Акрамя таго, ён прыкладае намаганні, каб аказаць канкрэтную дапамогу ў вырашэнні гэтых праблем”, - падкрэсліў іерарх.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца выказаў перакананасць у неабходнасці ўмяшання ў іракскую сітуацыю міжнароднай супольнасці. “Міжнародная супольнасць павінна ўмяшацца. Павінна ўмяшацца, у тым сэнсе, што павінна стаць прысутнай у дадзенай сітуацыі. Немагчыма, каб краіна, у такіх умовах, у якіх апынулася зараз, у адзіноце вырашала свае праблемы”, - сказаў высокі ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.