2014-08-23 14:38:28

Кардынал: Папа перадаў іракскім бежанцам 1 млн. долараў


RealAudioMP3 Папа Францішак перадаў на патрэбы іракскіх бежанцаў 1 млн. амерыканскіх долараў, распавёў агенцтву “CNA” кардынал Фернанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. 12-20 жніўня 2014 г. пурпурат знаходзіўся ў Іраку, у якасці спецыяльнага пасланніка Святога Айца. У тым ліку ён наведаў сталіцу Курдыстана, горад Ібрыл, у якім знайшлі прытулак каля 70 тыс. хрысціян. Гэты горад знаходзіцца ў 70 км ад так званага “Ісламскага Халіфата” – тэрыторыі акупаванай джыхадзістамі, на якой падвяргаюцца смяротнаму пераследу ўсе, хто не вызнае суніцкі іслам.

Перад абліччам трываючага насілля, на думку кардынала Філоні, неабходна ўмяшанне з мэтай спынення агрэсара. “Касцёл не патрымлівае ніякія войны. Апраўданым, аднак, з’яўляецца права на самаабарону. Але хрысціяне ў Іраку не маюць зброі. Таму неабходна, каб хто-небудзь – у дадзеным выпадку законныя ўлады краіны – абаранілі меншасці, асабліва тыя, якім пагражае найбольшая небяспека”, - сказаў ён. Пурпурат падкрэсліў, што рашэнне аб інтэрвенцыі павінна прыняць ААН, а Касцёл не будзе казаць міжнароднай супольнасці, што канкрэтна яна павінна рабіць.








All the contents on this site are copyrighted ©.