2014-08-21 11:26:52

Пантыфік: Езус – гэта дарога, адкрытая для кожнага чалавека


RealAudioMP3 “Езус – гэта адкрытая для кожнага чалавека дарога, якая вядзе на сустрэчу з Богам”, адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з членамі міжнароднай дабрачыннай і евангелізацыйнай асацыяцыі “Назарэцкая ініцыятыва”. Сустрэча прайшла ў Доме св. Марты 20 жніўня 2014 г. Суправаджаў членаў аб’яднання кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Гісторыя “Назарэцкай ініцыятывы”, – сказаў Папа – пазначана двума аспектамі. Першы – гэта “адкрыццё Езуса, як шляху чалавека” да Бога Айца: “Езус – гэта адкрытая для кожнага чалавека дарога, якая вядзе на сустрэчу з Богам, да ўваходу ў адносіны і еднасць з Ім, і такім чынам да сапраўднага пазнання самаго сябе! Мы цалкам знаходзім сябе, калі становімся ў поўні сынамі нашага Айца, а гэта адбываецца дзякуючы Езусу: для гэтага Ён памёр на крыжы”.

Другі аспект гісторыі “Назарэцкай ініцыятывы”, на думку Святога Айца, гэта радасць. “Калі чалавек бачыць Езуса ў якасці шляху, у яго жыццё ўваходзіць радасць. Уваходзіць назаўсёды. Гэта радасць укаранёная ў нас і яе ніхто не можа пазбавіць, як абяцаў Пан. Гэта радасць быцця вучнямі Езуса становіцца сведчаннем, гэта значыць апостальствам, місіянерствам”, - падкрэсліў Пантыфік.

Радасць пазнання Езуса ў якасці дарогі, такім чынам, падштурхоўвае людзей станавіцца сведкамі, апосталамі і місіянерамі. “Вы робіце гэта са сціпласцю, пакорай і прастатой – у назарэцкім духу, – у тых асяродзях, у якіх жывецё і працуеце, а асаблівым чынам ва ўніверсітэцкіх. Падтрымліваю вас у гэтым і дзякую за дабро, якое ўжо ўчынілі, з Божай дапамогай”, - сказаў Папа.

Асацыяцыя “Назарэцкая ініцыятва” была заснавана ў 1964 г. на поўначы Італіі. Яе адзяленні працуюць на ўсіх кантынентах. Аб’яднанне рэалізуе сацыяльныя, адукацыйныя і апостальскія ініцыятывы, з перакананасцю, што аблічча Хрыста можа ўбачыць кожны, у штодзённасці ўласнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.