2014-08-20 13:59:19

Папа хацеў даць імпульс прымірэнню ў Карэі


RealAudioMP3 Асуджэнне рэжыма Паўночнай Карэі не было заданнем Папы, падчас яго апошняга апостальскага падарожжа, як гэтага чакалі некаторыя, адзначыў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, падводзячы вынікі пілігрымкі Святога Айца ў Паўднёвую Карэю. Езуіт адзначыў, што тэма падзелу краіны, а таксама прымірэння і супакою, была адной з галоўных падчас падарожжа. Менавіта з яе Пантыфік пачаў і ёй закончыў свой пяцідзённы візіт. Святы Айцец глыбока ўсведамляе сітуацыю, якая тут існуе ўжо амаль 66 гадоў і таму паспрабаваў даць імпульс пераменам, якія павінны пачацца з прымірэння ў сэрцах, лічыць кіраўнік Залы Друку.

У вялікім інтэрв’ю Ватыканскаму радыё езуіт адзначыў, што жыхары Паўднёвай Карэі былі ўражаны ўвагай Пантыфіка да самых пакутуючых слаёў насельніцтва. “Гэта глыбока кранула многіх карэйцаў, удзячных за ўклад, які Каталіцкі Касцёл нясе ад самага пачатку у жыццё грамадства, за ўвагу да самых слабых. Папа, сваімі жэстамі здолеў паказаць, што для яго, у святле хрысціянскай веры, усе члены карэйскага народа, незалежна ад іх сітуацыі і пачуццяў, з’яўляюцца асобамі, якіх ён павінен абняць, любіць і сустрэць”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, што без сумніваў, самым кранальным этапам падарожжа Папы, быў яго візіт у цэнтр рэабілітацыі для інвалідаў у мястэчку Ккаттаннэ. Менавіта тут Пантыфік прадэманстраваў, што Евангелле павінна абвяшчацца не толькі словамі, але перш за ўсё ўчынкамі. Тут ў яго не было патрэбы ў гучных прамовах. Ён выбраў універсальную і зразумелую для ўсіх мову пяшчотнасці, адзначыў езуіт.

Паводле кс. Ламбардзі Касцёл можа многаму навучыцца ад хрысціян Карэі, ад гісторыі каталіцтва ў Азіі і сведчання мясцовых вернікаў. Ён нагадаў, што Касцёл у гэтай краіне нарадзіўся дзякуючы мясцовым свецкім, якія мелі настолькі глыбокую веру, што здолелі яе захаваць нават нягледзячы на пераследы.








All the contents on this site are copyrighted ©.