2014-08-19 12:33:53

Святы Айцец адказаў на пытанні журналістаў


RealAudioMP3 Законнасць амерыканскіх бамбардыровак у Іраку, будучыя падарожжы, канфлікт паміж ізраільцянамі і палестныцамі, адносіны з Бэнэдыктам XVI і іншыя тэмы, былі закрануты падчас прэс-канферэнцыі Святога Айца на борце самалёта, якім ён вяртаўся з Сеула ў Рым. Адзін з журналістаў спытаў Францішка пра яго адносіны да бамбардавання ісламскіх тэрарыстаў у Іраку, якое пачалі ЗША. Пантыфік адказаў ясна: неабходна спыніць тэрарыстаў; сродкі для гэтага павінны быць узважаны; а рашэнне павінна прымаць не адна краіна, але ААН. “У выпадках, дзе прысутнічае несправядлівая агрэсія, магу толькі сказаць, што спыненне несправядлівага агрэсара – законна. Падкрэсліваю гэта слова: спыненне. Не кажу бамбардаванне, вядзенне вайны, але спыненне. Сродкі, якімі іх можна спыніць, павінны быць ўзважаны”, - сказаў ён. Гаворачы пра магчымасць візіта ў Ірак, Францішак адзначыў, што гатовы ляцець туды, але на яго думку, гэта не лепшае, што можна зрабіць у існуючай сітуацыі. Святы Айцец таксама адзначыў, што гатовы “хоць заўтра” наведаць Кітай. “Апостальская Сталіца заўсёды адкрытая на кантакт: таму што мае вялікую павагу да кітайскага народа”, - сказаў ён.

Францішак закрануў тэму катаванняў, да якіх часта прыбягаюць спецслужбы, падчас судовых працэсаў. “Катаванні, – паводле Папы – гэта грэх і злачынства супраць чалавецтва”.

Пантыфік падзяліўся з журналістамі планамі адносна апостальскіх падарожжаў на 2015 г. Ён расказаў, што плануе наведаць амерыканскую Філадэльфію, каб прыняць удзел міжнароднай сустрэчы сем’яў, да якой магчыма будуць далучаны Вашынгтон і Нью-Ёрк. Папа не выключае магчымасці падарожжаў у Мексіку і Іспанію.

Гаворачы пра жэсты спачування і падтрымкі сваякам загінуўшых на пароме “Севол”, Папа падкрэсліў, што не мог рабіць інакш, паколькі з’яўляецца святаром. Ён расказаў, што сустрэўся з просьбай зняць з сутаны маленькую жоўтую ленту, якую насіў, як сімвал салідарнасці з гэтымі людзьмі, маўляў Пантыфік павінен быць “нейтральным”. Але паводле Папы, “перад абліччам чалавечага болю нейтральным быць нельга”.

Францішак расказаў, што ўжо падрыхтаваны чарнавік першай часткі будучай энцыклікі прысвечанай экалагічным праблемам. Гэты тэкст, аднак, яшчэ будзе пераглядацца і рэдагавацца. Праблема ў напісанні падобнага кшталту дакумента заключаецца ў тым, што ён павінен грунтавацца да дакладна пацверджаных навуковых дадзеных, а гэта, у пытаннях экалогіі, зрабіць складана, адзначыў ён.

Святы Айцец расказаў, што наведаў Бэнэдыкта XVI перад адлётам у Паўднёвую Карэю, а той, некалькі тыдняў таму, перадаў яму адну кнігу і пацікавіўся думкамі, адносна напісанага ў ёй. Паводле Францішка, існаванне Папы на пенсіі не павінна кагосьці непакоіць. Ён адзначыў, што калісьці і існаванне звычайных біскупаў на пенсіі, было выключэннем, а зараз, гэта нармальная з’яўва. Тое, самае тычыцца і папства. “Чаму? Таму што наша жыццё становіцца больш доўгім і ў пэўным узросце знікае здольнасць добра кіраваць, бо цела стамляецца”, - сказаў ён. Францішак прызнаўся, што калі аднойчы адчуе, што не зможа выконваць свае абавязкі добра, пасля малітвы зробіць тое самае, што і яго папярэднік.

Папа распавёў, што калі адпачывае, чытае кнігі, слухае музыку і моліцца больш чым звычайна. Ён падзяліўся, што з вялікай радасцю прыняў навіну пра перамогу сваёй любімай футбольнай каманты “Сан-Ларэнца” у Чэмпіянаце Лацінскай Амерыкі і назваў гэта “цудам”.








All the contents on this site are copyrighted ©.