Паўднёвая Карэя: візіт Пантыфіка ў цэнтры ўвагі СМІ
Падарожжа папы Францішка
ў Паўднёвую Карэю, без сумніваў, было галоўнай тэмай мясцовых СМІ, незалежна ад профілю
выдання. “Пасля 100 гадзін з Папам, справа за намі?”, - такі загаловак размясціўся
на вокладцы штодзённай газеты “The Hankyoreh”. На яе старонках падкрэсліваецца, што
Папа выслухаў галасы усіх слаёў грамадства, але палітыкам сказаў – хто мае больш,
павінен і даваць больш. Неабходна пераасэнсаваць існуючую сістэму, канстатуе аўтар
матэрыялу пасля аналізу прамоваў Пантыфіка. Артыкулы, прысвечаныя візіту Францішка,
займаюць тут пяць старонак. Як і ў большасці іншых карэйскіх выданняў, цытуецца заклік
да прабачэння і прымірэння з братамі з Поўначы, апавядаецца пра сустрэчу са сваякамі
загінуўшых на “Севоле”, жанчынамі, якія падвяргаліся гвалту падчас ІІ Сусветнай вайны,
неабходнасць клопату пра бедных.
“Не забудзем пра яго навучанне”, - такі загаловак
размешчаны на вокладцы газеты “Donga”. У выданні адзначаецца, што Пантыфік, маючы
78 гадоў, за 5 дзён знаходжання ў Карэі пераадоліў 932 км. Аб яго візіце апавядалі
2914 журналістаў. Адзначаецца, што аўтамабіль “KIA”, якім карыстаўся Папа, будзе выстаўлены
ў музеі, а крыж, які стаяў каля алтара падчас беатыфікацыі карэйскіх мучанікаў, будзе
ўстаноўлены на святарскіх могілках.
“Неабходна прабачаць семдзесят сем разоў”,
нагадвае заклік Святога Айца выданне “Chosun”. Унутры газеты – тры старонкі прысвечаныя
візіту Пантыфіка. “Мы сустрэліся з праўдай”, - цытуе словы некаторых карэйскіх мастакоў
выданне “Hankookilbo”.