2014-08-16 15:21:17

Францішак сустрэўся з лідэрамі свецкіх вернікаў Паўднёвай Карэі


RealAudioMP3 Клапаціцца пра бедных і спрыяць чалавечаму развіццю – гэта павінны быць два “полюсы” дзейнасці свецкіх вернікаў, лічыць папа Францішак. На заканчэнне трэцяга дня апостальскага падарожжа ў Паўднёвую Карэю Святы Айцец правёў сустрэчу з лідэрамі Апостальства свецкіх – аб’яднання вернікаў, якое налічвае 37 структур ў 16 дыяцэзіях краіны. Звяртаючыся да прысутных Папа адзначыў, што Касцёл у Карэі з’яўляецца спадкаемцам веры пакаленняў свецкіх вернікаў, якія захавалі любоў да Езуса Хрыста і адзінства з Касцёлам, нягледзячы на недахоп святароў і цяжкі пераслед. Францішак нагадаў, што беатыфікаваныя ім 16 жніўня 2014 г. 124 карэйскія мучанікі, акрамя веры, давалі вялікае сведчанне любячай салідарнасці ў сваіх хрысціянскіх супольнасцях.

Сёння, як і заўсёды, Касцёл патрабуе пераканаўчага сведчання свецкіх вернікаў. Паводле Папы, багацце дароў, якім яны валодаюць, павінна быць пастаўлена на службу ўдасканеленню грамадскага парадку і яго падрыхтоўкі да надыходу Божага Валадарства. Францішак з удзячнасцю адзначыў шматлікія ініцыятывы карэйскіх вернікаў, скіраваныя на карысць бедных і патрабуючых.

“Дапамога бедным – гэта справа добрая і неабходная, але яе недастаткова”, - сказаў Папа і заклікаў лідэраў апостальства свецкіх спрыяць чалавечаму развіццю і абароне годнасці людзей. У першую чаргу, неабходна, каб кожны чалавек мог спазнаць радасць, якая паходзіць ад магчымасці зарабляць на хлеб штодзённы, утрымліваць уласную сям’ю. Гэта годнасць, паводле Святога Айца, знаходзіцца пад пагрозай з боку культуры грошай, якая пакідае без працы вялікую колькасць людзей. “Ён і яна, якія не маюць працы, павінны адчуваць у сваім сэрцы годнасць, звязаную з магчымасцю прыносіць хлеб дамоў, зарабляць на хлеб. Давяраю вам гэту працу”, - сказаў Францішак.

Пасля сустрэчы са свецкімі вернікамі Папа пакінуў мястэчка Ккаттаннэ і на верталёце вярнуўся ў Сеул.








All the contents on this site are copyrighted ©.