2014-08-16 13:30:39

Пантыфік да законнікаў: беднасць – ваш мур і маці


RealAudioMP3 “Кансэкраванае жыццё – гэта каштоўны дар для Касцёла і свету”, падкрэсліў папа Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў Паўднёвай Карэі, якая прайшла 16 жніўня 2014 г. у вялікай канферэнц-зале “Школы любові” – каталіцкага сацыяльнага цэнтра ў мястэчку Ккаттаннэ. Сустрэча заняла менш часу, чым планавалася раней, у сувязі з тым, што Пантыфік затрымаўся ў рэабілітацыйным цэнтры для інвалідаў. Звяртаючыся да законнікаў Святы Айцец падкрэсліў, што краевугольным каменнем іх паклікання павінна быць радаснае сведчанне аб любові Божай.

“Толькі калі наша сведчанне будзе радасным мы зможам прывабіць людзей да Хрыста; і гэта радасць з’яўляецца дарам, які насычаецца малітвай, разважаннем над Божым словам, цэлебрацыяй сакрамэнтаў і супольным жыццём. Калі гэта адсутнічае, выяўляюцца слабасці і цяжкасці, якія гасяць радасць, пазнаную так блізка на пачатку нашага шляху”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў узрастаць у міласэрнасці, цярплівасці і дасканалай любові і нагадаў, што ў кансэкраваным жыцці беднасць з’яўляецца “мурам” і “маці”. “Гэта “мур” – таму што бароніць кансэкраванае жыццё, а “маці” – таму што дапамагае расці і вядзе па правільным шляху”, - сказаў Папа.

Францішак назваў крывадушнымі тых людзей, якія складаюць абяцанне беднасці, але жывуць, як багатыя. Такія паводзіны, на яго думку, раняць душы вернікаў і наносяць шкоду Касцёлу. Папа нагадаў пра небяспеку спакусы прыняцця “выключна функцыянальнай і свецкай ментальнасці”, якая вядзе да пакладання надзеі толькі на чалавечыя сродкі і знішчае сведчанне беднасці, якому вучыў Езус Хрыстус.

Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў Паўднёвай Карэі, Папа накіраваўся ў “Цэнтр духоўнасці” у Ккаттаннэ на сустрэчу з лідэрамі свецкіх апостальскіх рухаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.