2014-08-14 12:25:41

Папа да карэйскіх уладаў і дыпламатаў: дзякую за намаганні на карысць міру


RealAudioMP3 Мір і дыялог – гэтыя дзве тэмы былі ў цэнтры першай прамовы папы Францішка падчас апостальскага падарожжа ў Паўднёвую Карэю. Афіцыйная цырымонія прывітання Пантыфіка адбылася ў Прэзідэнскім палацы ў Сеўле 14 жніўня 2014 г. Падчас яе Папа звярнуўся да кіраўніка дзяржавы Пак Кын Хе і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Ён высока ацаніў павагу да пажылых людзей і клопат аб моладзі, якія характарызуюць карэйскае грамадства. Францішак адзначыў важнасць разважання над спосабамі перадачы каштоўнасцяў новым пакаленням. Адной з галоўных каштоўнасцяў, на думку Святога Айца, з’яўляецца любоў да міру, які мае асаблівае значэнне на тэрыторыі Карэі – зямлі, доўга пакутуючай ад яго адсутнасці. “Выказваю маё захапленне намаганнямі на карысць прымірэння і стабільнасці на карэйскім паўвостраве і падтрымліваю іх, бо з’яўляюцца адзіным надзейным шляхам да трывалага міру. Яго пошук з боку Карэі – нам асабліва дарагі, таму што ўплывае на стабільнасць у рэгіёне і ва ўсім свеце, стомленым ад вайны”, - сказаў Папа.

Мір, на думку Пантыфіка, гэта выклік для дыпламатыі, з дапамогай якой трэба разбураць муры недаверу і нянавісці, спрыяючы культуры прымірэння і салідарнасці. “Дыпламатыя, як мастацтва магчымага, грунтуецца на моцным і трывалым перакананні ў тым, што мір дасягаецца праз дыялог і ўважлівае і шчырае слуханне, а не праз узаемныя абвінавачванні, непатрэбную крытыку і дэмастрацыю сілы”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Паўднёвую Карэю, як і большасць іншых развітых краін, турбуюць шматлікія сацыяльныя праблемы, эканамічная няроўнасць і клопат аб захаванні навакольнага асяродзя. У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікаў рабіць усё магчымае для стварэння такой сацыяльнай атмасферы, у якой кожны член грамадства будзе выслуханы, дзе будзе падтрымлівацца дух адкрытай камунікацыі, надавацца належная ўвага бедным, слабым і тым, хто не мае голасу, “не толькі выходзячы насустрач іх тэрміновым патрэбам, але спрыяючы іх чалавечаму і духоўнаму росту”. Сёння, на думку Францішка, існуе патрэба ў “глабалізацыі салідарнасці”, мэта якой – усебаковае развіццё кожнага члена чалавечай сям’і.

Святы Айцец заклікаў карэйскую каталіцкую супольнасць прымаць актыўны ўдзел у жыцці краіны. Касцёл жадае рабіць свой уклад у адукацыю моладзі, умацаванне духа салідарнасці з беднымі і спрыяць выхаванню новых пакаленнеў грамадзян, гатовых дзяліцца сваёй мудрасцю і прадбачлівасцю, атрыманай у спадчыну ад продкаў і народжанай дзякуючы веры, дзеля вырашэння палітычных і сацыяльных праблем народа, адзначыў Папа.

Пасля сустрэчы ў Прэзідэнцыі палацы папа Францішак накіраваўся ў сядзібу Канферэнцыі Біскупаў Паўднёвай Карэі, дзе правёў спатканне з мясцовымі каталіцкімі іерархамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.