Кардынал Фернанда
Філоні, пасланнік папы Францішка ў Ірак, вечарам 12 жніўня 2014 г. прыбыў у сталіцу
Іарданіі Аман, распавёў журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай
Сталіцы. 13 жніўня іерарх плануе даехаць да Эрбіла, на тэрыторыі іракскага Курдыстана,
дзе сустрэнецца з халдэйскім Патрыярхам Вавілоніі Луісам І Сако. Кардынал Філоні прыбудзе
да іракскіх бежанцаў, каб пераказаць ім блізкасць і падтрымку папы Францішка, аказаць
фінансавую дапамогу, а таксама абмеркаваць з прадстаўнікамі мясцовага Касцёла ініцыятывы
на карысць ахвяраў ісламскіх тэрарыстаў.
Кардынал Філоні, быў абраны на ролю
пасланніка Святога Айца ў Ірак невыпадкова. З 2001 па 2006 гг., у апошнія гады праўлення
Садама Хусэйна, ён быў Апостальскім нунцыем у Іраку і Іарданіі. Іерарх адмовіўся пакідаць
Багдад падчас амерыканскіх бамбардыровак і падвяргаючы рызыцы ўласнае жыццё працягваў
мужна падтрымліваць мясцовых хрысціян і іракскае насельніцтва.