2014-08-13 12:46:24

Кардынал Паралін пра галоўныя аспекты падарожжа Папы


RealAudioMP3 На думку кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна важнасць візіта папы Францішка ў Паўднёвую Карэю абумоўлена трыма фактарамі. Першы заключаецца ў тым, што Святы Айцец накіроўваецца ў частку свету, якая набывае ўсё большае значэнне ў сусветнай палітыцы і эканоміцы. Другі фактар, звязаны з тым, што Папа звернецца да ўсяго кантынента, а нагодай для гэтага стане яго ўдзел у VI Днях азіяцкай моладзі. Нарэшце трэці важны аспект падарожжа Святога Айца звязаны з будучыняй Азіі. “Моладзь прадстаўляе будучыню, і такім чынам Папа звернецца да будучыні гэтага кантынента, будучыні Азіі”, - сказаў кардынал Паралін.

Пурпурат адзначыў, што Папа закліча азіякую каталіцкую моладзь станавіцца галоўнымі героямі ў жыцці мясцовага Касцёла і грамадства, ад якіх чакаецца жывы і актыўны удзел, супрацоўніцтва і адказанасць. “Касцёл патрабуе моладзі – пра гэта нагадваў св. Ян Павел ІІ і працягвае нагадваць папа Францішак”, - сказаў кардынал.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў, што падчас візіту будуць беатыфікаваны 124 карэйскія мучанікі. “Я думаю будзе падкрэслены той факт, што сярод гэтай групы ёсць толькі адзін святар, у той час як ўсе астатнія – свецкія вернікі, розных прафесіі – ад самых сціплых да высокіх у сацыяльнай лесвіцы. Гэта адна з характарыстык Касцёла ў Карэі – Касцёла, які нарадзіўся дзякуючы сведчанню і дзейнасці свецкіх вернікаў, здольных захоўваць і перадаваць веру. Я думаю, што гэта фундаментальнае пасланне – у Касцёле мы ўсе пакліканы саўдзельнічаць у місіі абвяшчэння Евангелля і пакліканы да святасці, якую можна дэманстраваць праз розныя формы, але якая павінна характарызаваць дзейнасць кожнага”, - сказаў кардынал Паралін.

Пурпурат таксама падкрэсліў, што візіт Святога Айца закончыцца Эўхарыстыяй ў інтэнцыі супакою і прымірэння. Ён выказаў упэўненасць, што падарожжа Папы паспрыяе дыялогу на карэйскім паўвостраве і мірнаму вырашэнню існуючых праблем.








All the contents on this site are copyrighted ©.