2014-08-12 16:58:32

Святы Пасад заклікае адзінадушна асудзіць злачынствы ў Іраку


RealAudioMP3 Папская рада па міжрэлігійным дыялогу скіравала шырокае пасланне ў сувязі з так званым “аднаўленнем Халіфата”, у выніку якога ісламскімі тэрарыстамі здзяйсняюцца жудасныя злачынствы на тэрыторыі Ірака. “Пратэст большасці мусульманскіх рэлігійных арганізацый супраць гэтага аднаўлення не перашкодзіў джыхадзістам “Ісламскай дзяржавы” здзейсніць і працягваць здзяйсняць злачынствы, якія не паддаюцца апісанню”, - гаворыцца ў дакуменце. Адзначаецца, што “Папская рада, усе хто задзейнічаны ў міжрэлігійным дыялогу, вызнаўцы ўсіх рэлігій, усе людзі добрай волі, не могуць не асуджаць наступных дзеянняў нягодных чалавека: забойстваў людзей па прычыне іх рэлігійнай прыналежнасці; жахлівых практыкаў абезгалоўлення, укрыжавання і вывешвання нежывых целаў на плошчах; стаўлення хрысціян і язідаў перад выбарам пераходу ў іслам або выплачваннем даніны ці зыходам; прымусовага выгнання дзесяткаў тысяч людзей, у тым ліку дзяцей, пажылых, цяжарных жанчын і хворых; выкрадання дзяўчын і жанчын, які прыналежаць да супольнасцяў язідаў і хрысціян, у якасці вайсковай здабычы; варварскага навязвання практыкі інфібуляцыі; разбурэння месцаў культу, а таксама хрысціянскіх і мусульманскіх маўзалееў; гвалтоўнага захопу і зневажання касцёлаў і манастыроў; знішчэння крыжоў і іншых сімвалаў хрысціян і другіх рэлігійных супольнасцяў; знішчэння рэлігійнай і культурнай хрысціянскай спадчыны невымернай каштоўнасці; бязмернага насілля з мэтай запужвання людзей і прымушэння іх да падпарадкавання ці уцякання”.

Падкрэсліваецца, што не існуе прычын, якія б маглі апраўдаць падобныя злачынствы, і тым больш гэтага не можа зрабіць ніводная з рэлігій. Апостальская Сталіца нагадавае пра развіццё хрысціянска-мусульманскага дыялога. Таму “драматычная сітуацыя хрысціян, язідаў і іншых рэлігійных супольнасцяў, колькасна малых у Іраку, патрабуе заняцця яснай і адважнай пазіцыі з боку рэлігійных лідэраў і ўсіх людзей добрай волі”, адзначаецца ў ватыканскім дакуменце.

“Усе павінны адзінагалосна і без якой-небудзь двухсэнсоўнасці асудзіць гэтыя злачынствы і выкарыстанне рэлігіі для іх апраўдання. У адваротным выпадку, як можна будзе давяраць рэлігіям, іх вызнаўцам і лідэрам? Як можна будзе давяраць міжрэлігійнаму дыялогу, які будаваўся на працягу апошніх гадоў з вялікім цярпеннем?”, - гаворыцца ў пасланні.

Паводле Святога Пасаду, рэлігійныя лідэры пакліканы выкарыстаць свой уплыў на кіраўнікоў, з мэтай спынення злачынстваў, пакарання вінаватых у іх здзяйсненні і аднаўлення прававой дзяржавы ва ўсёй краіне, гарантуючы вяртанне тым, хто быў вымушаны ўцякаць. “Памятаючы пра неабходнасць ў этыцы ў сферы кіравання грамадствам, гэтыя самыя рэлігійныя лідэры павінны падкрэліваць, што падтрымка, фінансаванне і ўзбраенне тэрарыстаў – маральна ганебнае”, - адзначаецца ў дакуменце.

Папская рада па міжрэлігійным дыялогу ўдзячна тым, хто ўжо асудзіў дзеянні тэрарыстаў і выкарыстанне імі рэлігіі для апраўдання злачынстваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.