2014-08-11 13:28:01

Кардынал Філоні: Папа хацеў бы быць побач з народам Іраку


RealAudioMP3 Святы Айцец хацеў бы асабіста быць побач з народам Ірака, расказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру кардынал Фернанда Філоні, напярэдадні свайго адлёту на Блізкі Усход, у якасці спецыяльнага пасланніка папы Францішка. “Ён даверыў мне гэта заданне, менавіта для таго, каб я прынёс глыбокую любоў і салідарнасць Папы да гэтых бедных нашага часу”, сказаў пурпурат. “Святы Айцец ужо шмат разоў дэманстраваў сваю заклапочанасць адносна найскладанейшай сітуацыі, якая ўзнікла ў Іраку для многіх хрысціян, але таксама і іншых меншасцяў, якія сустрэліся з пераследам і былі вымушаны ўцякасць. Гаворка ідзе таксама пра мільён людзей, якія засталіся без даху над галавой і шукаюць бяспечнага месца для ўласнага жыцця і будучыні”, - пракаментаваў сітуацыю кардынал Філоні.

“Мая прысутнасць павінна таксама падтрымаць хрысціян псіхалагічна, запэўніць іх у існаванні будучыні. Я перакананы, што ўлады зробяць усё магчымае, каб вярнуць хрысціянам дабрабыт, будучыню, бяспеку. Але яны павінны таксама адчуваць, што Паўсюдны Касцёл – з імі, што іх не пакідае, што лічыць іх каштоўнымі для гэтай зямлі, каб яны яшчэ мелі веру ў сябе і адносіны, якія могуць устанавіць з іншымі”, - сказаў кардынал Філоні.

Пурпурат падзяліўся, што ў рамках сваёй місіі ён будзе спрыяць большай увазе з боку іракскіх уладаў да праблемаў мясцовых хрысціян, прааналізуе магчымасці канкрэтнай дапамогі ў існуючай сітуацыі і падзякуе ўсім, хто дзейнічае на карысць насельніцтва краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.