Францішак сустрэнецца з ахвярамі крушэння карэйскага парома
Падчас візіту ў Паўднёвую
Карэю папа Францішак сустрэнецца з дэлегацыяй пасажыраў парома “Севол”, які затануў
16 красавіка 2014 г., і са сваякамі загінуўшых. Сустрэча адбудзецца пасля св. Імшы
на стадыёне Тэджон 15 жніўня 2014 г., расказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас спаткання
з журналістамі. У выніку караблекрушэння загінулі 293 чалавека і яшчэ 11 да сённяшняга
дня лічацца зніклымі без вестак. Кс. Ламбардзі адзначыў, што гаворка ідзе пра “нацыянальную
трагедыю”, якая працягвае мець наступствы і рэха ў жыцці краіны. Дзелячыся падрабязнасцямі
падарожжа Святога Айца ў Паўднёвую Карэю прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што
Папа выляціць з Рыма 13 жніўня 2014 г.. Пералёт будзе працягвацца каля 11 гадзін,
а ўлічваючы розніцу ў 7 гадзін з рымскім часам, Пантыфік прыбудзе ў Карэю ўжо 14 жніўня.
Месцам сталага прабывання Святога Айца будзе Апостальская нунцыятура ў Сеўле. Каб
дабрацца да таго ці іншага пункту падарожжа Францішак будзе карыстацца верталётам.
У
праграме візіту: сустрэчы з грамадзянскімі і касцёльнымі ўладамі, моладзю, хворымі
і інвалідамі, святарамі і законнікамі, беатыфікацыя 124 карэйскіх мучанікаў, наведванне
мясцовых санктуарыяў, малітва перад мемарыялам у памяць ахвяраў абортаў. Адной з мэтаў
падарожжа з’яўляецца ўдзел у VI Днях азіяцкай моладзі, у якіх прымуць удзел каля 2
тыс. пілігрымаў з 23 краін кантынента і каля 5-6 тыс. мясцовых маладых католікаў.
Кс.
Ламбардзі расказаў, што рашэнне аб паездцы ў Карэю Папа прыняў падчас Сусветных дзён
моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Адзін з карэйскіх біскупаў запрасіў яго наведаць азіяцкую
каталіцкую моладзь і Папа з радасцю пагадзіўся, бо даўно запланаваў, што мэтай яго
бліжэйшага падарожжа павінна стаць Азія. Кіраўнік Залы Друку ўдакладніў, што апошні
раз Рымскі Пантыфік быў на азіяцкім кантыненце ў 1999 г., калі Ян Павел ІІ наведваў
Індыю.
Паводле кс. Ламбардзі, Францішак жадае таксама сустрэцца з карэйскай
каталіцкай супольнасцю, якая хоць і з’яўляецца меншасцю ў краіне, але вельмі ўплывовай
і хуткарослай. Католікі ў Карэі складаюць каля 10% насельніцтва, але штогадова хрост
прымаюць каля 100 тыс. чалавек. Акрамя таго, карэйскія місіянеры працуюць у розных
частках свету.
Акрамя высокіх іерархаў, якія будуць суправаджаць Пантыфіка,
у склад дэлегацыі, паводле жаданне Папы, увойдзе адзін просты супрацоўнік Ватыкана,
а менавіта Ватыканскай тэлефоннай службы, у якасці прадстаўніка працоўнага калектыва
папскай дзяржавы.