2014-08-07 11:59:54

Папа да “Рыцараў Калумба”: мы ўсе пакліканы да братэрства


RealAudioMP3 “Вера нас вучыць, што Касцёл пакліканы быць супольнасцю братоў і сясцёр, якія прымаюць і клапоцяцца адзін пра аднаго, а таксама служаць у якасці зачыну прымірэння і адзінства для ўсёй чалавечай сям’і”, адзначаецца ў пасланні папы Францішка за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, скіраваным да ўдзельнікаў 132-га штогадовага з’езда аб’яднання “Рыцараў Калумба” – самай буйной у свеце арганізацыі свецкіх вернікаў. Форум праходзіў 5-7 жніўня 2014 г. у амерыканскім Арланда на тэму “Будзьце ўсе братамі: наша пакліканне братэрства”. “Гэта пакліканне арганізацыя здолела ўцелавіць ад самага свайго заснавання напрыканцы ХІХ ст”, - гаворыцца ў папскім пасланні. Вернасць “Рыцараў Калумба” ідэалам веры, братэрства і служэння, не толькі гарантавала трывалую жыццядзейнасць гэтага аб’яднання, але таксама дапамагала і працягвае дапамагаць місіі Касцёла на ўсіх узроўнях, і асабліва, у паўсюдным служэнні Апостальскай Сталіцы, перакананы Папа.

Святы Айцец высока цэніць намаганні “Рыцараў Калумба” па супрацьдзеянні спробам звесці рэлігію да выключна асабістай сферы, абароне яе ролі на публічнай арэне і ў натхненні свецкіх вернікаў на будаванне грамадства ў якім бы адлюстроўвалася праўда пра Хрыста.

У пасланні папы Францішка выказваецца падзяка за ўклад “Рыцараў Калумба” на карысць арганізацыі будучага Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які пройдзе ў кастрычніку 2014 г. у Ватыкане і Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая адбудзецца ў Філадэльфіі ў 2015 г. “Сям’я – гэта першая настаўніца таго братэрства, якое аб’ядноўвае і будуе грамадства на моцным фундаменце ўзаемнай павагі, справядлівасці, міласэрнасці і праўды”, - гаворыцца ў пасланні Святога Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.