2014-08-05 12:19:39

Сустрэча міністрантаў з Папам – дзеля перамены сэрцаў


RealAudioMP3 Сустрэча нямецкамоўных міністрантаў з папам Францішкам павінна стаць не проста “вялікім мерапрыемствам”, але паспрыяць перамене сэрцаў моладзі, якая служыць каля алтара, лічыць дапаможны біскуп Фрайбургскай дыяцэзіі Міхаэль Гербер. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у Рым, на сустрэчу міністрантаў з Германіі, некаторых дыяцэзій Аўстрыі і Швейцарыі, прыбыла самая вялікая група пілігрымаў – 10 тыс. чалавек. І гэта далёка не ўсе міністранты, якія служаць у Фрайбургскай дыяцэзіі, расказаў ён. Паводле іерарха, тут міністрантамі з’яўляецца значная частка ўсёй дыяцэзіяльнай моладзі – аж 45 тыс. юнакоў і дзяўчат. Таму душпастырству гэтай катэгорыі вернікаў надаецца асабліва вялікая ўвага. “Для нас гэта пілігрымка з’яўляецца вельмі важнай. Для многіх яна стане магчымасцю ўмацаваць сваю веру і рашэнне быць у Касцёле, служыць Касцёлу”, - сказаў іерарх і выказаў перакананне, што дзякуючы рымскай сустрэчы многія міністранты адчуюць перамену ў сэрцы, якая ў будучыні можа прывесці іх да працягу служэння ў Касцёле, калі стануць дарослымі.

У сустрэчы нямецкамоўных міністрантаў прымаюць удзел каля 50 тыс. чалавек. Многія групы прыбылі ў Рым яшчэ 1 жніўня 2014 г. На працягу тыдня яны наведваюць касцёлы, прымаюць удзел у экскурсіях і знаёмяцца з культурным і духоўным багаццем Вечнага горада.

Кульмінацыяй сустрэчы стане спатканне на Святым Айцом на плошчы св. Пятра 5 жніўня 2014 г., якому будзе папярэднічаць музычная праграма перад ватыканскай базылікай і супольная малітва. Звяртаючыся да маладых гасцей з Германіі папа Францішак адкажа на чатыры пытанні, скіраваныя да яго.
На думку біскупа Гербера, пілігрымка моладзі ў Рым стане чарговым этапам абнаўлення Касцёле ў Германіі. “Гэта сустрэча міністрантаў, якія сабраліся ў Рыме, можа стаць, для многіх з іх, этапам асабістага паглыблення веры. А гэта заўсёды з’яўляецца самым важным вынікам: калі нешта змяняецца ў асобе, калі чалавек можа паглыбіць сваю веру, і зыходзячы ад яе, пачаць служыць Касцёлу і грамадству”, сказаў нямецкі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.