2014-08-05 10:27:46

Пантыфік да еўрапейскіх скаўтаў: маліцца за мір і бараніць хрысціянскія каштоўнасці


RealAudioMP3 Маліцца за мір і не баяцца бараніць хрысціянскія каштоўнасці заклікаў папа Францішак удзельнікаў агульнаеўрапейскай скаўцкай сустрэчы “Еўраджэм”, якая 3-10 жніўня 2014 г. праходзіць у французскай Нармандыі. У форуме, прымеркаваным да 100-годдзя пачатку Першай Сусветнай вайны і 70-годдзя гістарычнай высадкі саюзніцкіх войскаў на паўночным беразе Францыі, прымаюць удзел каля 12 тыс. юнакоў і дзяўчат з амаль 20 краін Еўропы, у тым ліку больш за 150 скаўтаў з Беларусі. “Каб пазнаць Езуса неабходна выйсці ў шлях і ідучы адкрыць для сябе, што Бога можна сустрэць рознымі спосабамі: праз прыгажосць Яго стварэння, праз любоў, якая ўваходзіць у нашу гісторыю, братэрскія адносіны і служэнне на карысць бліжняга”, - напісаў Папа. Святы Айцец заклікаў еўрапейскіх скаўтаў чэрпаць сілы з сакрамэнтаў і давяраць Божай любові, якая пазбаўляе ад усіх страхаў.

Успамін аб 100-годдзі пачатку Першай Сусветнай вайны, на думку Пантыфіка, з’яўляецца нагодай для малітвы аб адзінай і мірнай Еўропе. У жыцці кантынента хрысціянская моладзь павінна адыграваць важную ролю. “Вы з’яўляецеся сапраўднымі галоўнымі героямі ў гэтым свеце, а не проста гледачамі”, - падкрэсліў Папа. Ён заклікаў мужна адказваць на выклікі звязаныя з абаронай хрысціянскіх каштоўнасцяў, у першую чаргу ў сферы клопату аб чалавечым жыцці і годнасці, барацьбы з беднасцю. Заўсёды, калі шлях будзе станавіцца складаным, вам дапамогуць любоў і падтрымка Касцёла, паабяцаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.