2014-08-04 14:51:26

Папскія фермы могуць стаць адкрытымі для турыстаў


RealAudioMP3 Папскія фермы ў Кастэль-Гандольфа могуць стаць адкрытымі для турыстаў, распавёў Ватыканскаму радыё дырэктар Папскіх віл Асвальда Джанолі. У гэтым вялікім сельска-гаспадарчым комплексе вырабляюцца прадукты для стала Святога Айца і ватыканскага супермаркета. Папскія фермы знаходзяцца на самай перыферыі летняй рэзідэнцыі рымскіх Пантыфікаў: тут разводзяцца жывёлы і пчолы, знаходзяцца прыгожыя палі, аліўкавыя і фруктовыя дрэвы. На думку кіраўніцтва Папскіх віл, гэты аб’ект можа быць цікавым для турыстаў, як і сады Барберыні ў Кастэль-Гандольфа, адкрытыя для наведвання 1 сакавіка 2014 г.

Пяць апошніх месяцаў прадэманстравалі вялікую цікавасць з боку турыстаў і СМІ да гэтага аб’екту, распавёў Асвальда Джанолі. На яго думку, такая ўвага не выпадкова, бо на тэрыторыі папскіх садоў знаходзяцца ўнікальныя кветкавыя алеі, дрэвы і кустарнікі, плошчы, скульптуры і археалагічныя аб’екты эпохі імператара Даміцыяна, а таксама тэрасы, з якіх адкрываецца цудоўная панарама на рэгіён Лацыё, аж да блакітнай лініі марскога гарызонту.

Яшчэ з XVI ст. рэзідэнцыя ў Кастэль-Гандольфа, агульная плошча якой складае каля 55 гектараў, была месцам летняга адпачынку Пантыфікаў, але папа Францішак адмовіў працягваць гэту традыцыю і вырашыў праводзіць лета ў Ватыкане. Частку Папскіх віл, а менавіта цудоўныя сады Барберыні, ён пажадаў адкрыць для турыстаў. Іх наведванне магчыма толькі ў суправаджэнні экскурсавода. Працягласць візіту складае 90 хвілін, а кошт білета – 26 еўра.








All the contents on this site are copyrighted ©.