2014-08-03 13:48:36

Папа перад “Анёл Панскі”: спачуванне, дзяленне, Эўхарыстыя (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Да спачування і дзялення з самымі патрабуючымі заклікаў Пантыфік сабраных 3 жніўня 2014 г. на плошчы св. Пятра. Перажываючы Эўхарыстыю і не маючы спачування да тых, хто жыве ў нястачы, мы засмучваем Езуса, лічыць папа Францішак. “У гэтую нядзелю Евангелле прапануе нам цуд размнажэння хлябоў і рыб (Мц 14, 13-21). - нагадаў Святы Айцец - Езус працяглы час заставаўся каля Галілейскага мора, у адасобленым месцы, куды Ён прыйшоў са сваімі вучнямі, даведаўшыся пра смерць Яна Хрысціцеля. Але шмат людзей ішло за імі і дагналі іх. І Езус, бачачы іх, злітаваўся і вылечваў іх хворых да вечара. Тады вучні, занепакоеныя познім часам, параілі Яму звольніць натоўп, каб людзі маглі пайсці ў вёскі і купіць паесці. Але Езус спакойна адказаў: “Вы дайце ім есці” (Мц 14, 16), і папрасіў прынесці пяць хлябоў і дзве рыбы, благаславіў іх, і пачаў ламаць і даваць вучням, якія размеркавалі іх людзям. Усе елі і насыціліся, і яшчэ засталіся кавалкі!

У гэтай падзеі мы можам убачыць тры паведамленні. Першае – гэта спачуванне. Спачатку натоўп ідзе за Ім, так бы мовіць, “не пакідаючы Яго ў спакоі”. Але Езус не рэагуе з раздражненнем, не кажа: “Але гэтыя людзі надакучылі мне”. Не. Ён рэагуе са спагадай, таму што ведае, што яны шукаюць яго не з цікаўнасці, але з неабходнасці. Тут трэба быць асцярожнымі: спачуванне, тое, што адчувае Езус, гэта не проста шкадаванне. Гэта нешта большае! Гэта тое спачуванне, якое азначае атаясамліванне з пакутамі іншых, да такой ступені, што пакуты бяруцца на сябе. Так Езус пакутуе разам з намі. Ён пакутуе разам з намі, пакутуе за нас. І знакам гэтай спагады з’яўляюцца шматлікія вылячэнні. Езус вучыць нас ставіць патрэбы бедных перад нашымі асабістымі. Нашы патрэбы, нават неабходныя, ніколі не будуць так вострымі, як патрэбы бедных, якія не маюць самага неабходнага для жыцця. Мы часта гаворым пра бедных. Але, калі мы пра іх гаворым, ці адчуваем мы, што гэты мужчына, гэта жанчына, гэтыя дзеці не маюць дастаткова, каб жыць? Што яны не маюць нічога, каб паесці, не маюць у што апрануцца, не маюць магчымасці лячыцца? Што дзеці не маюць магчымасці хадзіць у школу? Таму нашы патрэбы, хоць і заканамерныя, ніколі не будуць настолькі неадкладнымі, як у бедных, якія не маюць неабходнага, каб жыць.

Другім паведамленнем з’яўляецца дзяленне. Першае, спачуванне, Езус адчуваў разам з дзяленнем. Карысна параўнаць рэакцыю вучняў, якія бачаць стомленых і галодных людзе, з рэакцыяй Езуса. Яны розныя. Вучні думалі, што было б лепш адпусціць людзей, каб яны маглі пайсці і купіць ежу. Замест гэтага, Езус кажа: “Вы дайце ім есці”. Дзве розных рэакцыі, якія адлюстроўваюць дзве супрацьлеглыя логікі: вучні думаюць па-мірскі, дзе кожны павінен думаць толькі пра сябе, дзе гаворыцца: “Выжывай сам”. У Езуса Божая логіка, логіка дзялення. Колькі разоў мы адварочваліся ў іншы бок, каб не бачыць патрабуючых братоў! І гэты погляд у іншы бок, гэта ветлівы спосаб сказаць, у белых пальчатках, “Выжывай сам”. І гэта не Езусавы падыход – гэта эгаізм. Калі б Ён адпусціў натоўп, многія людзі засталіся б без ежы. Замест гэтага, некалькіх хлябоў і рыб, падзеленых і благаслаўлёных Богам, было дастаткова для ўсіх. Тут трэба быць ацярожнымі. Гэта не магія, гэта “знак”! Знак, які запрашае да веры ў Бога, прадбачлівага Айца, Які не дапусціць, каб у цябе не было недахопу “хлеба нашага штодзённага”, калі ты ведаеш, як дзяліцца з братамі!

Спачуванне і дзяленне. І, нарэшце, трэцяе паведамленне: цуд размнажэння хлябоў з’яўляецца прадвеснікам Эўхарыстыі. Гэта можна заўважыць па жэсце Езуса, калі Ён “благаславіў” (Мц 14, 19), перш чым разламаць хлеб і размеркаваць сярод народа. Гэта той жа жэст, які зробіць Езус падчас Апошняй Вячэры, калі ўстановіць вечны ўспамін сваёй адкупленчай Ахвяры. У Эўхарыстыі Езус дае не кавалак хлеба, але хлеб вечнага жыцця, дае Сябе, ахвяруючы сябе Айцу дзеля любові да нас. Але мы павінны прыступаць да Эўхарыстыі з гэтымі пачуццямі Езуса, гэта значыць, са спачуваннем, і жаданнем дзяліцца. Хто ўдзельнічае ў Эўхарыстыі, не маючы спачування да тых, хто жыве ў нястачы, і жадання дзяліцца, той не сустрэне зразумення Езуса.

Спачуванне, дзяленне, Эўхарыстыя. Гэта шлях, які Езус паказвае нам у сённяшнім Евангеллі. Шлях, які прыводзіць нас да спаткання з братэрствам і патрэбамі гэтага свету, але які вядзе за межы гэтага свету, таму што ён зыходзіць ад Бога Айца і вяртаецца да Яго. Дзева Марыя, Маці Божага Провіду, няхай суправаджае нас у гэтым падарожжы”, - сказаў Папа на заканчэнне свайго разважання. Пасля “Анёл Панскі” Пантыфік заклікаў вернікаў да пастаяннай малітвы за яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.