2014-08-03 11:55:55

Пантыфік запрасіў на св. Імшу маладых езуітаў


RealAudioMP3 Каталіцкі Касцёл узгадваў 2 жніўня ў літургіі, у першы раз у якасці святога, езуіта П’ера Фаўра, які быў адным з першых паплечнікаў св. Ігнацыя Лаёлы. Ён быў місіянерам у Еўропе і адным з пачынальнікаў правядзення духоўных практыкаванняў. З гэтай нагоды ўдзельнікамі ранішняй св. Імшы, якую ўзначаліў Пантыфік, 2 жніўня 2014 г. былі маладыя езуіты з розных краін, якія ўдзельнічаюць у Еўрапейскай фармацыйнай сустрэчы ў Рыме. На семінарыстах вялікае ўражанне зрабіла спатканне са сваім законным субратам папам Францішкам, яго шчырасць і прастата, і відавочная езуіцкая ідэнтычнасць. “Гэта была незвычаная сустрэча, перш за ўсё, сустрэча з законным субратам”, - сказаў Ватыканскаму радыё адзін з удзельнікаў спаткання, Лукаш Лявіцкі з Польшчы. Ён прызнаўся, што для яго асабліва важнымі былі словы Святога Айца аб дарозе Езуса, па якой ён ідзе ў прысутнасці Бога Айца, паказваючы нам, як мы павінны перажываць наш жыццёвы шлях. Бо ўсё наша жыццё пранікнута Яго прысутнасцю.

Тое, чаго мы павінны шукаць, гэта блізкасць Бога, бо Ён заўсёды побач з намі на нашым шляху, падкрэсліў Францішак. З нашага боку, каб наблізіцца да Яго, мы можам зрабіць шмат. Перш за ўсё, Бог чакае нашай малітвы і служэння. І менавіта П’ер Фаўр паказаў яскравы прыклад такой паставы. Ён наблізіўся да Бога праз малітву, служэнне братам і пошук Божай блізкасці. Пазней гэтай мадэллю жыцця святы езуіт мог дзяліцца з іншымі.

Каментаром да літургічнага ўспаміну св. П’ера Фаўра таксама можа паслужыць папскі “твіт”, змешчаны ў сацыяльнай сетцы 2 жніўня 2014 г. “Калі няма праслаўлення Бога, ёсць пакланенне нечаму іншаму. Грошы і ўлада – гэта ідалы, якія часта займаюць месца Бога”, - напісаў папа Францішак.

П’ер Фаўр нарадзіўся 13 красавіка 1506 г. у вёсцы Віларэ ў Савоі, дзе і вырас, займаючыся пашай бацькавых авечак. З 1525 г. ён навучаўся ў Парыжы і там дзяліў дах з Францішкам Ксаверыем і Ігнацыем Лаёлай, стаўшы адным з першых яго паслядоўнікаў. 30 мая 1534 г. ён прыняў пасвячэнне і стаў першым святаром Таварыства Езуса. Па распараджэнні Папы ён аб’язджаў асноўныя краіны Еўропы і паўсюль з вялікім поспехам ажыццяўляў місію каталіцкага адраджэння. Памёр у Рыме, 1 жніўня 1546 г, прама на руках у св. Ігнацыя. У 1872 г. папа Пій IX залічыў яго да ліку благаслаўлёных. Ён быў кананізаваны 17 снежня 2013 г. папам Францішкам.

П’ер Фаўр быў першым і бліжэйшым таварышам св. Ігнацыя Лаёлы і блізкім сябрам св. Францішка Ксаверыя. Ён пражыў усяго 40 гадоў (1506-1546), але жыццё яго было вельмі разнастайным: ён пабываў у самых розных краінах, трапляючы ў самыя складаныя сітуацыі. Усё гэта ён рабіў дзеля абвяшчэння Евангелля.







All the contents on this site are copyrighted ©.