Праз тры месяцы пасля
сваёй пілігрымкі на Блізкі Усход, папа Францішак накіруецца ў яшчэ адзін крызісны
рэгіён свету – на Карэйскі паўвостраў. Непасрэднай прычынай яго трэцяй замежнай паездкі
з 13 па 18 жніўня 2014 г. стане ўдзел у 6-ых Днях азіяцкай моладзі. Падчас свайго
паўднёвакарэйскага візіту Пантыфік не наведае, як першапачаткова гаварылася, так званую
“38-ю паралель”, якая практычна з’яўляецца мяжой паміж Паўднёвай і Паўночнай часткамі
краіны. Але да гэтага часу застаецца надзея, што некаторыя члены невялікай каталіцкай
супольнасці камуністычнай краіны змогуць узяць удзел у св. Імшы з удзелам Папы 18
жніўня 2014 г. у Сеуле. Дырэктар Папскіх місійных ініцыятыў у Паўднёвай Карэі Джон
Боска Біён паведаміў агенцтву “Fides”, што католікі Паўночнай Карэі былі запрошаны
яшчэ ў маі. Прадстаўнікі паўднёвакарэйскіх каталіцкіх супольнасцяў пасля нядаўняй
сустрэчы ў Кітаі з паўночнакарэйскімі католікамі паведамілі, што скарэй за ўсё будзе
дазвол на ўдзел апошніх у папскім набажэнстве. Чакаецца, што Папа скіруе заклік да
міру на Карэйскім паўвостраве. Францішак, гэта другі Пантыфік, які едзе ў Карэю.
Па
афіцыйных дадзеных уладаў, у Паўночнай Карэі няма “мясцовых хрысціян”. Аднак, паводле
ацэнак міжнароднай хрысціянскай ініцыятывы “Open Doors” (Адчыненыя дзверы), якая падтрымлівае
кантакт з хрысціянамі ў Паўночнай Карэі, у камуністычнай краіне іх колькасць складае
ад 200 тыс. да 400 тыс., з якіх больш за 50 тыс. інтэрнаваныя ў працоўныя лагеры.
Каталіцкі тэолаг і эксперт па Азіі Георг Эверс ў 2010 г. у артыкуле для часопіса “Herder-Korrespondenz”
заяўляў пра ўсяго каля 3 тыс. католікаў у краіне; да вайны іх было каля 50 тыс.
Нядаўна
арцыбіскуп Сеула, кардынал Андрэс Ём Су-чжун завяршыў свой гістарычны візіт у Паўночную
Карэю. Ён разам з католікамі з Паўднёвай Карэі сустрэўся з асобамі, якія працуюць
у спецыяльнай памежнай эканамічнай зоне у Кэсон.
Нягледзячы на забарону вызнавання
любой рэлігіі, моцны пераслед і небяспечную вайсковую абстаноўку некалькі місійных
манаскіх супольнасцяў вядуць сваю, у асноўным гуманітарную, дзейнасць у Паўночнай
Карэі. Так, прымас-абат Ноткер Вольф, кіраўнік бэнэдыктынскай канфедэрацыі, паведаміў,
што Ордэн бэнэдыктынаў актыўна дзейнічае на Поўначы. “Мы можам зрабіць у гуманітарнай
сферы шмат, і ўлады Паўночнай Карэі цалкам гатовыя пагадзіцца нават на гуманітарную
дапамогу”, сказаў а. Вольф у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Мэтай бэнэдыктынаў з’яўляецца
будаўніцтва касцёльнай бальніцы і паліклінікі. Брат Алоіс, настаяцель экуменічнай
супольнасці у Тэзэ, таксама заявіў, што яму ўдалося дапамагчы жахарам Паўночнай Карэі.
Разам з моладдзю з Тэзэ ён сабраў сродкі на медыцынскае абсталяванне і інструменты,
якія затым былі адпраўлены ў Паўночную Карэю.
Пасля Карэйскай вайны 1950-1953
гг. краіна падзелена. На сённяшні дзень няма мірнай дамовы. Акрамя таго, адносіны
ў апошнія месяцы пагоршыліся.
У Паю, недалёка ад мяжы з Паўночнай Карэяй,
нядаўна быў пабудаваны касцёл, які павінен стаць “сімвалам міру і паяднання” паміж
двума Карэямі. Так мяркуе паўднёвакарэйскі епіскапат. Планаваны першапачаткова візіт
Папы ў Паю не быў уключаны ў афіцыйную праграму.