2014-08-01 14:04:29

Святы Айцец наведаў сваіх субратоў


RealAudioMP3 Як і ў мінулым годзе, у літургічны ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы, папа Францішак нанёс візіт да сваіх братоў езуітаў. На гэты раз, аднак, ён не цэлебраваў св. Імшы, якая ў гэты дзень адбываецца з удзелам усёй езуіцкай супольнасці ў рымскім касцёле “Іль Джэзу”, але прыйшоў на абед у Генеральную курыю недалёка ад Ватыкана. У сустрэчы, акрамя супольнасці генеральнага дома, прыняла ўдзел група маладых езуітаў з Еўропы, якія пачынаюць у Рыме курс фармацыі, а таксама сем’я айца Паола Даль’Оліё, місіянера, выкрадзенага год таму ў Сірыі.

Варта адзначыць, што Таварыства Езуса рыхтуецца да святкавання 200-годдзя аднаўлення ордэна. Зрабіў гэта 7 жніўня 1814 г. папа Пій VII, пасля больш чым 40 гадоў прыпынення дзейнасці. Гадавіна гэтай падзеі для езуітаў з’яўляецца магчымасцю не толькі ўспомніць падзеі мінулага. Распачатая адмысловая малітва заахвочвае да роздуму над бягучай сітуацыяй ордэна ў Касцёле, калі Папам з’яўляецца езуіт, і над вернасцю свайму пакліканню, каб “служыць Езусу пад сцягам Крыжа і Касцёла, Яго Нявесты”.







All the contents on this site are copyrighted ©.