2014-07-31 12:22:34

Ірак: Патрыярх крытыкуе заходнюю палітыку на Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 Іракскія хрысціяне хочуць жыць на сваёй зямлі. Аб гэтым нагадаў Патрыярх Грыгорый III Лахам ў заяве для тэлебачання “Télé Lumière”. Кіраўнік мелькіцкіх католікаў спаслаўся такім чынам на гатоўнасць Францыі прыняць іракскіх бежанцаў-хрысціян. Французскі ўрад зацвердзіў 28 ліпеня магчымасць даць прытулак хрысціянам з Паўночнага Ірака. “Так, нам трэба, каб хтосьці нас прыняў, але, перш за ўсё, нам патрэбны хтосьці, хто дапамог бы нам застацца на нашай зямлі”, - сказаў іерарах. Ён заўважыў, што з аднаго боку гаворка ідзе пра барацьбу з тэрарызмам і мусульманскім радыкалізмам, які ўсюды бачыць вераадступніцтва, з другога – пра адмову ад перадачы зброі бакам канфлікту. “Гэта было б лепш, чым рабіць з нас бежанцаў або літавацца над намі”, - дадаў мелькіцка-каталіцкі іерарх.

Патрыярх Грыгорый III Лахам адзначыў, што на Блізкім Усходзе хрысціяне поўныя рашучасці жыць на сваёй зямлі, незалежна ад праблем, якія ім прыносіць суседства з мусульманамі. Пры гэтым іерарах не саромеецца называць “братамі” вызнаўцаў ісламу і кіраваць крытыку ў бок Захаду. “Усё, што Еўропа рабіла на працягу 50 гадоў – дзяліла мусульман і хрысціян. Між тым, трэба працаваць на карысць адзінства, унутрыарабскага і унутрымусульманскага, а таксама для адзінства паміж хрысціянамі і мусульманамі”, - лічыць Патрыярх. Ён таксама заклікаў хрысціян да мужнасці праз памяць пра папярэдніх тысячах мучанікаў, дзякуючы якім паслядоўнікі Хрыста засталіся на гэтых землях.

Мелькіцкі іерарх вядомы сваёй вострай пазіцыяй у адносінах да заходняй палітыкі на Блізкім Усходзе. Раней ён заяўляў, што ЗША і іншыя заходнія краіны не зрабілі нічога, каб спыніць прыток “ісламскіх экстрэмістаў, што збіраюцца з усіх кантынентаў у Сірыі з адзіным намерам забіваць”. Таксама Патрыярх горача падтрымлівае патрабаванне папы Францішка аб мірным дыялогу з мэтай пакласці канец блізкаўсходнім канфліктам.

Іерарх упэўнены, што, калі ісламскія баевікі прыйдуць да ўлады, хрысціяне будуць адчуваць на сабе больш цяжкі ціск, які вымусіць іх пакідаць свае краіны. Без хрысціянскай прысутнасці, якая накіравана на паслабленне канфліктаў паміж мусульманамі, не будзе ніякай рэальнай надзеі на дэмакратыю на Блізкім Усходзе, лічыць мелькіцка-каталіцкі Патрыярх.







All the contents on this site are copyrighted ©.