Папа да пяцідзесятнікаў: паважайце разнастайнасць дароў і гармонію харызматаў
Францішак, падчас
свайго візіту ў італьянскай Казерце, які адбыўся 28 ліпеня 2016 г., прызнаў, што некаторыя
дзівяцца, што Папа паехаў, каб сустрэцца з пратэстантамі. “Я прыбыў, каб сустрэцца
з братамі”, - сказаў ён. Святы Айцец спаткаўся ў паўднёваітальянскім горадзе са сваім
сябрам, пяцідзесятніцкім пастарам, і яго супольнасцю. Ён прызнаўся, што Папа можа
мець спакусу, каб сказаць: “Я Касцёл, а вы секта”, бо “сярод тых, хто пераследаваў
і асуджаў пяцідзесятнікаў” былі таксама католікі. “Я пастыр католікаў, і я прашу ў
вас прабачэння за тых братоў і сясцёр, якія гэтага не разумелі або былі спакушаны
д’яблам”, - сказаў Пантыфік. Ён адзначыў, што “Езус маліўся аб адзінстве. Святы Дух
чыніць разнастайнасць у Касцёле. Ён гэта робіць. Але той жа Святы Дух чыніць адзінства,
і Касцёл з’яўляецца адзіным у разнастайнасці. Разнастайнасць, паяднаная Святым Духам”,
- растлумачыў Папа. Ён нагадаў пра “запаведзь, дадзеную Езусам свайму народу – каб
былі адно”.
Святы Айцец адзначыў у той жа час неабходнасць вандравання ў прысутнасці
Бога, бо менавіта яна вядзе да братэрства паміж хрысціянамі. “Мы спыняемся, глядзім
адзін на аднаго, і бачым, што мы вельмі падобныя да сябе”, - лічыць Францішак. Ён
заклікаў пяцідзесятнікаў паважаць “разнастайнасць дароў і гармонію харызматаў”, бо
Святы Дух з’яўляецца “гармоніяй, якая стварае гэту разнастайнасць”.
Гэта была
першая ў гісторыі паездка Папы за межы Рыма выключна для таго, каб сустрэцца з пратэстантамі.
Візіт Францішка 28 ліпеня 2014 г. адбыўся праз два дні пасля яго пастырскага падарожжа
сюды, калі ён сустрэўся з мясцовай каталіцкай супольнасцю.
Францішак прыляцеў
у Казерту на верталёце і спачатку накіраваўся ў дом пастара Джавані Траэціна. Пасля
сустрэчы з ім і яго сям’ёй, Пантыфік адправіўся на машыне ў недабудаваны пяцідзесятніцкі
храм. Там яго чакалі каля 350 чалавек, у асноўным пратэстанты, якія прыехалі не толькі
з Італіі, але і з ЗША, Аргентыны, Канады, Іспаніі, Францыі і Індыі. Трымаючы ў адной
руцэ свой чорны партфель, другой Святы Айцец вітаў людзей, якія махалі яму з балконаў
суседніх дамоў.