2014-07-28 14:36:27

Пантыфік да святароў: малітва – адзіны шлях да крэатыўнасці ў Касцёле


RealAudioMP3 Святар павінен быць заўсёды ў еднасці са сваім біскупам і Божым народам, не губляючы пры гэтым сваёй ідэнтычнасці і не адхіляючы загадзя таго, што іншыя людзі думаюць і гавораць. Гэта адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з духавенствам у італьянскай Казерце 26 ліпеня 2014 г. На спатканне з ім прыбылі 123 святары мясцовай дыяцэзіі і 19 біскупаў з рэгіёну Кампанія. Сустрэча прайшла за зачыненымі дзвярыма ў зале ваеннай авіяцыйнай школы ў Рэджа-ді-Казерта. У пачатку Францішак заўважыў, што падрыхтаваў вялікую прамову, якая будзе перададзена ўсім зацікаўленым, але зараз жадае непасрэднай размовы. У першым пытанні, адзін са святароў казаў аб неабходнасці рэформы не толькі тэалагічнай, але і ў асабістым вымярэнні, уплываючай на кожнага верніка. Ён таксама згадаў пра неабходнасць больш эфектыўнага дыялогу з біскупамі.

У адказ, Святы Айцец нагадаў, што ў старажытнасці часам існавалі рознагалоссі паміж святарамі і біскупамі і біскупамі паміж сабой. Але заўсёды ўдавалася дасягнуць адзінства ў Касцёле, таму што падзел, гэта “не Божая справа”. “І мы, біскупы, павінны падаваць прыклад адзінства, пра што прасіў Езус у Айца для свайго Касцёла”, - сказаў Папа. Ён адзначыў, што адзінства біскупаў не азначае аднастайнасці, бо кожны мае свой ​​уласны харызмам, вобраз мыслення і бачанне рэчаў, часам, можа нават памылковае. “Мы ўсе добрыя, таму што на ўсіх нас ёсць вада хросту. Мы маем у сабе Святога Духа, Які дапамагае нам ісці наперад”, - сказаў Францішак.

Іншы святар казаў пра народную пабожнасць, да развіцця якой заклікаў Папа, гаворачы пра яе, як пра “каштоўны скарб Каталіцкага Касцёла”. Аднак, ёсць таксама небяспека распаўсюджвання такім чынам прыватнага хрысціянства, сентыментальнага, больш прывязанага да традыцыйных форм, і пазбаўленага аспектаў веры і спасылкі на грамадскае жыццё.

Францішак таксама перасцярог ад рэлігійнасці, якую ён назваў “інтымістычнай”, што мяжуе з гнастыцызмам. Гэта нешта з язычніцтва, і нават ерасі, гэта трэба выразна сказаць, адзначыў Святы Айцец. Ён растлумачыў, што для яго сапраўдная рэлігійнасць з’яўляецца скарбам пабожнасці з многімі каштоўнасцямі, пра якія ўжо пісаў Павел VI у сваёй адгартацыі “Evangelii nuntiandi”. Ён спаслаўся на яе, як на вельмі своечасовы дакумент. Святы Айцец падкрэсліў, што “пабожнасць, якая ўваходзіць у сэрца разам з хростам, гэта вялікая сіла, настолькі, што Божы народ, які мае яе ў сабе, не можа памыляцца, з’яўляецца беспамылковым у веры”. Сапраўдная народная пабожнасць нараджаецца з “sensus fidei” (пачуцця веры), пра якое гаворыцца ў паслясаборным дакуменце “Lumen gentium”.

Спасылаючыся на свае ўласныя ўспаміны, Святы Айцец сказаў, што як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса кожны год 27 ліпеня наведваў санктуарый св. Панцеляймона ў гэтым горадзе і спавядаў там. Ён заўсёды быў пад вялікім уражаннем ад набожнасці мясцовых простых вернікаў, настолькі, што яму было амаль сорамна. Ён падкрэсліў, што “канфесіяналы ў санктуарыях, гэта месцы абнаўлення для святароў і біскупаў, гэта курс духоўнага “аджорнамэнта”, магчымасць уступіць у кантакт з народнай пабожнасцю”.

Іншы ўдзельнік сустрэчы спытаў пра асобу святара трэцяга тысячагоддзя, аб балансе чалавечага і духоўнага, місіянерскага досведу і адкрытасці на іншыя рэлігіі і светапогляды. Адказваючы, Святы Айцец заклікаў да штодзённай малітвы, якая з’яўляецца адзіным шляхам да крэатыўнасці ў Касцёле. Ён адзначыў, што біскуп або святар, якія не моляцца, зачынілі перад сабой дзверы і дарогу да крэатыўнасці. Гаворка ідзе не толькі пра малітву на Брэвіярыі, але і падчас св. Імшы, штодзённую малітву ў розных абставінах.

“Касцёл без малітвы становіцца няўрадавай арганізацыяй, а не справай памазання Святым Духам”, - сказаў Папа. Ён таксама падкрэсліў, што святар не павінен баяцца любых сітуацыій, бо як чалавек Божы ён не баіцца нічога і павінен быць бліжэй да народа. Блізкасць азначае дыялог, але для гэтага патрэбны дзве рэчы: уласная тоеснасць, як адпраўная кропка, і пачуццё эмпатыі да іншых – неасуджэнне нікога загадзя.

У цэлым, гэта было “вельмі сардэчнае і незабыўнае спатканне”, - сказаў пасля сустрэчы намеснік кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду Анджэла Шчэльца. Ён дадаў, што Папа пасля апошняга пытання выбачыўся, што яго прыезд парушыў жыхарам Казерты адзначэнне іх патранальнага свята – св. Ганны, але біскуп Д’Алізэ падзякаваў яму горача за візіт.







All the contents on this site are copyrighted ©.