2014-07-27 11:57:18

Святы Айцец у Казерце: Бог заўсёды пакідае нам выбар спосабу сустрэчы з Ім


RealAudioMP3 Больш за 200 тысяч. чалавек прынялі ўдзел 26 ліпеня 2014 г. у св. Імшы ў паўднёваітальянскім горадзе Казерта, якую ўзначаліў папа Францішак. Ён заахвоціў сабраных не губляць надзею і падкрэсліў, што яе дае толькі Езус, Які ніколі не расчароўвае. Пантыфік падчас гаміліі спаслаўся на прыпавесці аб Божым Валадарстве. Менавіта яны прыводзяць нас да высновы, што Валадарства прысутнічае ў асобе Езуса, растлумачыў ён. У кожнага свой уласны шлях да Яго, дадаў Папа. “Для аднаго сустрэча з Езусам нешта доўгачаканае і пажаданае, вынік доўгіх пошукаў, для іншых, гэта нешта нечаканае, раптоўнае. Гэтыя розныя дарогі нагадваюць нам, што Бог заўсёды пакідае нам выбар спосабу сустрэчы з Ім. Ён заўсёды першым чакае спаткання з намі, і прыйшоў, каб быць “Богам з намі”, падкрэсліў Францішак і дадаў, што Бог таксама шукае тых, хто не шукае Яго.

Святы Айцец адзначыў, што Езус вельмі выразна паказаў, як дасягнуць Божага Валадарства: не хопіць толькі энтузіязму або радасці адшукання скарбу, але трэба паставіць каштоўную жамчужыну Валадарства вышэй за любы іншы зямны скарб, паставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці, вышэй за ўсё. “Дазволіць на першынства Бога, значыць мець мужнасць казаць “не” злу, насіллю, злоўжыванням; жыць, служачы адзін аднаму на карысць правоў і агульнага дабра”, - перакананы Папа. У гэтым кантэксце, Францішак адзначыў, што асабліва важна ахоўваць і клапаціцца пра навакольнае асяроддзе, мець мужнасць супрацьстаяць усім формам карупцыі і беззаконня.

Святы Айцец прыбыў у Казерту 26 ліпеня ўвечары. Спачатку, перад Эўхарыстыяй, ён правёў сустрэчу за зачыненымі дзвярыма з духавенствам мясцовай дыяцэзіі. Адразу пасля св. Імшы Папа вылецеў назад ў Ватыкан. Пасля Лампедузы, Кальяры, Асізі, Касана-алё-Ёніё, Кампабаса і Ізэрніі, гэта была ​​шостая паездка Францішка ў межах Італіі.

Вядома, што Казерта і рэгіён лічацца цэнтрам арганізаванай злачыннасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.