2014-07-25 10:45:36

Святы Айцец сустрэўся з вызваленай з суданскай турмы хрысціянкай


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў 24 ліпеня 2014 г. у Доме св. Марты ў Ватыкане суданку Мэрыям Ях’я Ібрагім Ісхак, асуджаную ў сваёй краіне на смяротнае пакаранне за адмову ад ісламу, а затым вызваленую пад ціскам сусветнай грамадскасці. Яна прыбыла з мужам і двума маленькімі дзецьмі ў Рым. Жанчына цёпла падзякавала Святому Айцу за падтрымку, а ён выказаў сваю падзяку за яе сведчанне. Аб гэтым паінфармаваў пасля спаткання кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён паведаміў, што падчас “вельмі сардэчнай і прыязнай” размовы гаворка ішла ў тым ліку і аб будучыні суданкі і яе сям’і. Святар дадаў, што жэст Святога Айца, гэта “выраз блізкасці да ўсіх тых, хто пакутуе за сваю веру, па прычыне цяжкасцяў або перашкод, і, такім чынам, мае сімвалічнае значэнне, якое сягае глыбей, чым сама прыгожая сустрэча”.

Мэрыям Ібрагім прыбыла ў сталіцу Італіі 24 ліпеня 2014 г. У аэрапорце яе вітаў прэм’ер-міністр Італіі Матэа Рэнцы з жонкай Аньезай і міністр замежных спраў Фрэдэрыка Магерыні. Па прычыне прыезду сям’і суданкі кіраўнік італьянскай дыпламатыі затрымаў пачатак свайго двухдзённага папярэдне запланаванага візіту на Балканы.

Справа 27-гадовай Мэрыям мабілізавала міжнародную грамадскую думку, асабліва ў Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі. У Італіі найбольшы ўдзел у гэтай справе прыняў каталіцкі штодзённік “Avvenire” і яго чытачы. Пра лёс жанчыны, прысуджанай да смяротнага пакарання, а затым вызваленай, за адмову ад ісламу і прыняцце хрысціянства, казаў некалькі месяцаў таму ў Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу прэм’ер-міністр Рэнцы. Згадваючы пра яе і дзевяць нігерыйскіх дзяўчат, якія былі выкрадзены ў апошнія месяцы тэрарыстамі “Бока Харам”, кіраўнік італьянскага ўрада заявіў: “Калі на гэта няма еўрапейскай рэакцыі, мы не можам адчуваць сябе годнымі называцца еўрапейцамі”.

Мэрыям у 2011 г. выйшла замуж за Даніэля Вані, католіка, і прыняла яго веру. Пазней, аднак, адзін з мусульманскіх сваякоў абвінаваціў яе па гэтай прычыне ў чужалостве і вераадступніцтве. Яна была пастаўлена перад судом, які 15 мая 2014 г. прызначыў ёй смяротнае пакаранне, хоць яна сцвярджала, што заўсёды была хрысціянкай і не мяняла рэлігіі (яе маці была праваслаўнай і выхавала яе ў сваёй веры). Знаходзячыся ў турме, 27 мая яна нарадзіла другое дзіця – дзяўчынку. 24 чэрвеня Мэрыям павінна была ляцець у Злучаныя Штаты, якія прызналі ёй грамадзянства, але была ізноў арыштавана са сваёй сям’ёй прама на борце самалёта па патрабаванні аднаго з сваякоў. Праз два дні яна была ўсё ж вызвалена, але павінна была хавацца з сям’ёй у пасольстве ЗША ў Хартуме да канчатковага зацвярджэння яе паездкі. У рэшце рэшт яна пакінула Судан і прыляцела ў Рым, адкуль праз некалькі дзён накіруецца за акіян.







All the contents on this site are copyrighted ©.