2014-07-24 13:25:16

Спорт для Касцёла ў Беларусі – адзін з ключоў да новай евангелізацыі


RealAudioMP3 Як бы не банальна гучала, але тое, што ў здаровым целе – здаровых дух, добра разумеюць і ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Здавалася б некалькі месяцаў таму завяршыўся Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў – падзея міжнароднага масшаба. Але і ўнутраных спартыўных падзей хапае. Гэта лета шматлікія маладыя вернікі таксама праводзяць актыўна. Касцёл чытае знакі часу і таму, можна сказаць, у сваёй працы робіць стаўку ў тым ліку і на спорт, лічыць кс. Юрый Санько, адказны за СМІ пры епіскапаце Беларусі. “Сёння мы бачым, што моладзь больш часу праводзіць за кампутарам, і спорт – гэта добрая магчымасць сабраць іх разам, выйсці на свежае паветра. І гэта моладзі цікава. Таму, сапраўды, Касцёл праз такія ключы да новай евангелізацыі ёсць з моладдзю. Толькі мы заўсёды павінны падпітваць гэты энтузіязм і жаданне новых спаборніцтваў”, - лічыць святар.

Менавіта для гэтага аднойчы і вырашылі арганізаваць парафіяду – падобна спартакіядзе. Сёлета парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла ўжо ў 5-ы раз. І стала рэкорднай па колькасці ўдзельнікаў – у Івянцы сабраліся каля 150 чалавек з розных парафій. 7 поўных каманд па 12 чалавек ад 11 да 16 гадоў мерыліся сіламі ў 10 розных дысцыплінах: ад лёгкай атлетыкі, эстафеты, валейбола да настольнага тенісу. 4 дні спаборніцстваў і здаровага жадання перамагчы, якое, як кажа адказны за арганізацыю парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Юрый Санько, не важнейшае, чым удзел. “У першую чаргу, мы развіваем у іх спаборніцкі дух, камандны дух, каб яны былі адно за аднаго. І таксама, каб умелі не толькі перамагаць і ганарыцца гэтым, але і дзякаваць Богу за тыя здольнасці, што Ён ім падарыў. Калі нехта прайграе, каб мог гэта прыняць з пакорай і далей працаваць над тым, каб удасканаліцца ў той ці іншай дысцыпліне”, - адзначыў арганізатар.

А пачаўся гэты спартыўных рух 26 гадоў таму ў Варшаве. Тады ўпершыню прайшлі невялікія спаборніцтвы сярод міністрантаў. Далей – больш: да парафіяды далучаліся новыя людзі, потым новыя краіны. Сёння парафіяда ў Польшчы носіць статус міжнароднай. І кожны год пераможцы з’язджаюцца на фіналы. Афіцыйна прадстаўляць Беларусь на парафіядзе-2015, яна адбудзецца ў суседзяў наступным летам, будзе беларуская каманда-пераможца з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з вёскі Дзераўная. Увогуле, не толькі на спаборніцтвах трымаецца ідэя парафіяды. Гэта таксама яшчэ два слупы – малітва і тэатр. Такое перапляценне маральнай падтрымкі, мастацкай прыгажосці і спартыўнага азарту стварае падчас парафіяды незабыўную атмасферу, якую ўдзельнікі цяпер чакаюць кожны год, падкрэсліў кс. Юрый Санько. “Гэта радуе, што яны ўключаюцца без рэшты, таму што жадаюць паказаць і прадставіць свой рэгіён і сваю парафію. Напрыклад, упершыню ў гэтым годзе мы зрабілі акцэнт на беларускую культуру. Адзін з конкурсаў быў прысвечаны прадстаўленню роднай зямлі. Напрыклад, Нарачанскі край ці Налібоцкая пушча. Моладзь вывучыла спевы на беларускай мове. І гэта таксама вельмі важна, калі яны звяртаюцца да нашых традыцый. Бачна, што ім гэта падабаецца і яны сапраўды чакаюць парафіяды”, - сказаў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Таму, абяцаюць арганізатары, парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будзе развівацца, каб у наступным годзе было прадстаўлена яшчэ больш парафій і разам сабраліся як мага больш маладых людзей, здаровых духам.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.