2014-07-24 11:31:39

Папа і футбольны матч за мір


RealAudioMP3 Святы Пасад пацвердзіў сувязь футбольнай ініцыятывы за мір, якая адбудзецца 1 верасня 2014 г., з папам Францішкам. Гаворка ідзе пра матч на Алімпійскім стадыёне ў Рыме з удзелам цяперашніх і былых футбольных зорак, аб якім актыўна паведамлялі раней сродкі масавай інфармацыі. На полі з’явяцца Ліянэль Месі, Джанлуіджы Буфон, Зінэдзін Зідан, Хаўер Дзанэці, Раберта Баджо, Андрэа Пірла, Юта Нагатома і Самуэль Это’О, у якасці прадстаўнікоў розных рэлігій. Як паведамляецца ў ватыканскім бюлетэні, ідэя з’явілася ў красавіку 2013 г., калі папа Францішак сустрэўся з нацыянальнымі зборнымі Італіі і Аргентыны, што гулялі таварыскі матч, сродкі ад якога пайшлі на дабрачынныя мэты. Менавіта тады Пантыфік падзяліўся з былым аргентынскім абаронцам Хаўерам Дзанэці ідэяй арганізаваць матч з прадстаўнікамі розных рэлігій, мэтай якога стала б падтрыманне паслання братэрства, якое нясе спорт. Квіткі на вераснёўскі футбольны матч будуць даступныя з 25 ліпеня, а атрыманыя сродкі выкарыстаюць на звязаны з Папскай акадэміяй навук вучэбны цэнтр “Scholas Occurrentes” і дабрачынны фонд, заснаваны Хаўерам Дзанэці і яго жонкай. Не выключаецца, што Францішак асабіста будзе прысутнічаць на стадыёне.







All the contents on this site are copyrighted ©.