2014-07-24 13:05:09

Кардынал-прэфект: дзеці, якія пацярпелі ад разводу бацькоў, самыя бедныя з бедных у свеце


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, кардынал Герхард Людвіг Мюлер, пацвердзіў, што каталіцкая дактрына не пакідае магчымасці для змены ў адносінах да католікаў, якія развяліся і заключылі новыя саюзы. Гэта група асоб не можа прымаць св. Камунію, таму што гэта супярэчыць навучанню аб абсалютнай непарыўнасць сужэнства, сказаў ватыканскі іерарх нямецкага паходжання ў інтэрв’ю, урыўкі з якога публікуе італьянская газета “Avvenire”. Веравучэнне не можа быць зменена нават Саборам. У той жа час, кардынал Мюлер пацвердзіў, што, магчыма, шмат сужэнстваў могуць быць несапраўднымі, калі пара ў момант шлюбу не ведала пра тое, чым з’яўляецца сужэнства паводле каталіцкага веравучэння. У цяперашні час Кангрэгацыя, якую ён узначальвае, укладае “шмат энергіі” у пошук адпаведнага адказу на гэты выклік.

Асноўная мэта Сінода Біскупаў, які будзе праходзіць у Ватыкане ў кастрычніку 2014 г., на думку іерарха, нанова адкрыць сакрамэнтальны характар сужэнства і сям’і, каб даць маладым людзям мужнасць, неабходную для заключэння гэтага сакрамэнту. Тут, аднак, не варта спадзявацца выключна на публікацыю кніг або артыкулаў. Трэба пакласці націск на “пераканаўчае сведчанне” “паспяховых сужэнстваў”, падкрэсліў кардынал-прэфект.

Дзеці, якія пацярпелі ад разводу бацькоў, па словах іерарха, “мабыць, самыя бедныя з бедных у свеце”.

“Avvenire” апублікавала ў сённяшнім выданні вытрымкі з кнігі-інтэрв’ю кардынала Мюлера “Надзея сям’і”, якая з’явіцца ў бліжэйшы час у Італіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.