2014-07-23 12:30:52

Святы Пасад арганізуе Сусветны кангрэс касцёльных рухаў


RealAudioMP3 Святы Пасад у трэці раз арганізуе Сусветны кангрэс касцёльных рухаў і новых супольнасцяў. Ён адбудзецца гэтай восенню. Для ўдзелу ў форуме, які пройдзе 20-22 лістапада ў Ватыкане, ужо зарэгістраваліся прадстаўнікі больш чым 80 супольнасцяў з усіх кантынентаў. Арганізатарам мерапрыемства пад назвай “Радасць Евангелля – місійная радасць” з’яўляецца Папская рада па справах свецкіх. Папа Францішак неаднаразова выказваў асаблівую ўдзячнасць касцёльным рухам і новым супольнасцям за іх місію ў абвяшчэнні Евангелля ў сучасных умовах.

Месцам правядзення форуму стане Папскі міжнародны калегіум “Maria Mater Ecclesiae”. Па запрашэнні Папскай рады па справах свецкіх у ім прымуць удзел прадстаўнікі найбольш распаўсюджаных у свеце рухаў і супольнасцяў, ужо прызных ватыканскай дыкастэрыяй у якасці міжнародных асацыяцый вернікаў або маючых пастаянны дыялог з ёй.

Папярэднія форумы – у 1998 г. і 2006 г. – былі звязаны з сустрэчамі касцёльных рухаў з Папамі – св. Янам Паўлам II і Бэнэдыктам XVI. Іх мэтай было супольнае разважанне над найбольш актуальнымі пытаннямі, якія тычацца тоеснасці і місіі асацыяцый вернікаў у Касцёле і ў свеце.
Падчас сустрэчы з рухамі, аб’яднаннямі і касцёльнымі супольнасцямі з нагоды Года Веры ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы ў 2013 г. папа Францішак сказаў, што яны з’яўляюцца “дарам і багаццем для Касцёла”, а іх місія – у “нясенні сілы Евангелля”. “Не бойцеся! Заўсёды захоўвайце радасць і любоў да камуніі ў Касцёле”, - сказаў тады Пантыфік. Неўзабаве пасля гэтага ён абвясціў адгартацыю “Evangelii gaudium”, якая, на думку Папскай рады па справах свецкіх, з’яўляецца “сапраўдным дапаможнікам для касцёльных рухаў і новых супольнасцяў”.

Зыходзячы з гэтага, Рада вырашыла арганізаваць наступны кангрэс, “каб лепш засвоіць словы Святога Айца і прачытаць іх яшчэ раз у святле досведу і выклікаў”, якія стаяць сёння перад касцёльнымі асацыяцыямі вернікаў. Многія з іх, з’яўляючыся вынікам ІІ Ватыканскага Сабору 50 гадоў таму, уваходзяць у дарослы ўзрост, “этап касцёльнай сталасці”. Жаданне Папскай рады ў тым, каб Кангрэс дапамог ім у радасным прыняцці папскага запрашэння, далучыцца да “дынамікі місіянерскага выхаду”, новага этапу евангелізацыі, адзначанай радасцю абвяшчэння Евангелля, што з’яўляецца “прыярытэтнай задачай на шляху Касцёла”.







All the contents on this site are copyrighted ©.