2014-07-18 14:51:25

Францішак асабіста патэлефанаваў Перэсу і Абасу


RealAudioMP3 Пасля “сардэчнага закліку” у мінулую нядзелю да працягу малітвы за мір у Святой Зямлі, 18 ліпеня 2014 г. раніцай папа Францішак “асабіста патэлефанаваў прэзідэнтам Шымону Перэсу і Махмуду Абасу, каб падзяліцца сваёй вельмі сур’ёзнай занепакоенасцю з нагоды цяперашняй канфліктнай сітуацыі, якая закранула асаблівым чынам сектар Газа”. Гэты канфлікт, адзначыў падчас тэлефонных размоў Пантыфік, правакуе абстаноўку варожасці, нянавісці і пакут сярод двух народаў, што прывяло ўжо да шматлікіх ахвяр і выклікала “надзвычайную гуманітарную сітуацыю”. Папа запэўніў у сваёй асабістай пастаяннай малітве за мір у Святой Зямлі, якую падтрымлівае ўвесь Касцёл, што ён рабіў ужо падчас сваёй нядаўняй пілігрымкі ў Святую Зямлю і з нагоды ватыканскай малітвы за мір 8 чэрвеня 2014 г. Ён нагадаў, прэзідэнтам, “якіх ён лічыць людзьмі міру”, пра неабходнасць працягваць маліцца і прыкладаць намаганні, каб усе зацікаўленыя бакі і тыя, хто займаюць палітычныя пасады на мясцовым і міжнародным узроўнях, імкнуліся пакласці канец ваенным дзеянням, садзейнічалі перамір’ю, спакою і паяднанню ў сэрцах удзельнікаў канфлікту.

Папа Францішак за апошнія месяцы неаднаразова прыкладаў намаганні для спынення ізраільска-палестынскага канфлікту і спрыяў працэсу дыялога. Важным крокам у гэтым напрамку стала яго пілігрымка ў Святую Зямлю. Падчас яе адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі ісламу, юдаізму, ізраільскім і палестынскім палітычным светам. У сваю чаргу, ватыканская малітоўная сустрэча за мір 8 чэрвеня 2014 г. з удзелам Шымона Перэса і Махмуда Абаса стала сапраўдны беспрэцэндэнтнай ініцыятывай. Пантыфік запрасіў палітыкаў далучыцца да яго “у сардэчнай малітве да Бога за дар міру”. Ён адзначыў, што будаванне міру патрабуе больш намаганняў, чым вядзенне вайны, і тыя, хто знаходзіцца на службе сваіх народаў, абавязаны быць прыладай і творцамі міру, асабліва праз малітву. “Будаваць мір цяжка, але жыць без міру – гэта пастаянная пакута”, - сказаў тады Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.