2014-07-18 13:27:34

Супрацоўнік Папы: чаму Францішак не мае сапраўднага летняга адпачынку?


RealAudioMP3 У Папы вельмі арганізаваны дзень, сказаў папскі цырымонімайстар, кс. Гільерма Кархер. У інтэрв’ю парталу “Rome Reports” 67-гадовы святар, родам з Аргентыны, прызнаўся, што “практычна кожны дзень” пасля сняданку размаўляе з Францішкам і распавядае яму, у прыватнасці, пра навіны з радзімы. Святы Айцец устае раніцай у 4.30, а з 5.00 да 7.00 моліцца і рыхтуе гамілію для ранішняй св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты. Пасля завяршэння якой, вітае ўсіх яе ўдзельнікаў, пасля чаго ідзе на сняданак і “прыступае да працы”, у тым ліку прымае гасцей. “Папа спраўляецца з вялікім аб’ёмам працы. Ён вельмі добры слухач і можа лёгка ўвайсці ў кантакт з людзьмі, паколькі ў яго ёсць перакананне, што Бог прысутнічае ў гэтых штодзённых сустрэчах”, - патлумачыў кс. Кархер, які з’яўляецца святаром архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс і жыве ў Рыме з 1993 г.

Пасля сустрэч з людзьмі і працы з карэспандэнцыяй, Францішак ідзе на абед, пасля якога паміж 14.00 і 15.00 адпачывае. Затым зноў працуе да 19.00. Пасля вячэры моліцца на Ружанцы і Брэвіярыі, чытае дакументы, які кладуцца на яго стол. Яго дзень заканчваецца ў 22.00.

На думку кс. Кархера, нягледзячы на адмену некаторых папскіх сустрэч і візітаў пару тыдняў таму, Францішак “моцны і здаровы”. У яго “вельмі арганізаваны” план дня, які вызначае сабе сам і які яго не стамляе, але часам патрэбны перапынак.

У ліпені і жніўні ў календары Папы менш публічных мерапрыемстваў, але ён не мае летняга адпачынку ў поўным значэнні гэтага слова. “Гэта звязана з часамі, калі ён быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, дзе многія людзі проста не маглі ўзяць водпуск. Ён ведае, што водпуск – гэта свайго роду прывілей, які не кожны можа сабе дазволіць”, - падзяліўся папскі цырымонімайстар.







All the contents on this site are copyrighted ©.