2014-07-17 10:44:56

Кардынал Дзяржсакратар: межы адкрываюцца для грошай, але зачыняюцца для людзей


RealAudioMP3 Нацыянальныя межы становяцца ўсё больш адкрытымі для грошай і тавараў, і ўсё больш і больш закрытымі для людзей. Між тым, мігранты – гэта аблічча Хрыста, які пакутуе, падкрэсліў кардынал Пьетра Паралін. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы 16 ліпеня 2014 г. узначаліў св. Імшу ў базыліцы Маці Божай Гвадэлупскай у Мехіка. Эўхарыстыя прайшла пасля рэгіянальнай канферэнцыі па міграцыі і развіццю, госцем якой быў ватыканскі дыпламат. У сваёй гаміліі ён заклікаў вернікаў абараняць правы і годнасць людзей, і асабліва тады, калі яны знаходзяцца ў пошуках працы і лепшых умоў жыцця, а для гэтага вымушаны пакінуць месца жыхарства. Ён нагадаў, што гэтыя асобы часта становяцца ахвярамі “эканамічнай мадэлі выключэння, якая не прызнае за чалавекам цэнтральнага месца”. Кардынал адзначыў, што калі “з аднаго боку ўсё больш і больш межы адкрываюцца для гандлю, грошай і новых тэхналогій, з іншага, усё большая колькасць людзей адчувае ўзрастаючыя абмежаванні і злоўжыванні, калі аказваюцца ў сітуацыі бездапаможнасці”. Таму менавіта вернікі павінны адкрыць у іх аблічча Хрыста, Які пакутуе, і імкнуцца рэалізаваць на практыцы Евангелле ў зменлівых сацыяльных, эканамічных і палітычных умовах, - сказаў ватыканскі дзяржсакратар.

Госць з Ватыкану нагадаў мексіканскім біскупам, што для нацыянальнага абнаўлення павінны шукаць дыялогу з рознымі сацыяльнымі групамі. Гэта дапаможа пабудаваць больш кансалідаванае грамадства, заснаванае на культуры сустрэчы, абсалютнай павазе да чалавечага жыцця і ўзаемаразуменні.

Іерарх заклікаў браць прыклад з Марыі ў прыняцці Божай волі ў свае сэрцы. Толькі ў Маці Божай Касцёл можа навучыцца сапраўднай евангелізацыі. Толькі Яна навучыць Касцёл прысутнічаць з святлом Евангелля ў жыцці народаў, у сацыяльных, эканамічных і палітычных пераўтварэннях. Кардынал Паралін падкрэсліў, што Маці Божая Гвадэлупская з’яўляецца мадэллю Касцёла, які пілігрымуе не ў адзіночку, але са сваім народам, і не жадае заставацца ў баку ад яго праблем і яго праектаў, яго пакут і надзеяў.

У мінулыя дні кардынал Дзяржсакратар знаходзіўся з візітам у Мексіцы. Галоўнай мэтай яго прабывання ў краіне быў удзел у буйной канферэнцыі па міграцыі. На ёй разглядалася пытанне ўзросту лічбы лацінаамерыканскіх дзяцей, якія без апекі пераходзяць мяжу са Злучанымі Штатамі ў пошуках лепшага жыцця. Падчас свайго прабывання ў Мексіцы кардынал Паралін сустрэўся з Прэзідэнтам і міністрам замежных спраў гэтай краіны. Таксама адбыліся спатканні ватыканскага дыпламата з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў некалькіх лацінаамерыканскіх краін.







All the contents on this site are copyrighted ©.