2014-07-17 11:35:28

Беларусь: каталіцкі кінафестываль “Magnifikat” адзначыць першы юбілей


RealAudioMP3 Аргкамітэт Міжнароднага каталіцкага фестываля хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnifikat” завяршае падрыхтоўку да чарговага форума. Ён адбудзецца 24-28 жніўня 2014 г. і стане 10-м па ліку. Свой першы маленькі юбілей фестываль адзначыць рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў – у конкурснай праграме будуць прадстаўлены 20 краін: як заўсёды, працы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Іспаніі, Італіі, але ўпершыню – з Македоніі і Казахстана. Краіны з розных бакоў свету, з рознымі культурамі і часам зусім не хрысціянскай большасцю насельніцтва, але з агульным адчуваннем існуючых у свеце праблем. Напрыклад, праца з Азербайджана – гэта мультыплікацыйны фільм з вельмі глыбокім духоўным сэнсам.

Увогуле, узровень конкурсных прац год ад года ўзрастае, адзначыў старшыня каталіцкага кінафоруму, беларускі рэжысёр, Юрый Гарулёў. “Аб нас ведюць, добрыя майстры звяртаюць увагу на наш фестываль. Гэта, магчыма, і наша заслуга у тым, што мы навучыліся рабіць прафесійны адбор стужак, навучыліся шукаць добрых рэжысёраў, якія здымаюць добрае кіно. І зараз ужо ёсць такое адчуванне, што аб нас ведаюць у свеце”, - лічыць ён.

10-ы “Magnifikat” пройдзе ў звычайным фармаце – адкрыццё адбудзецца ў Мінску, асноўныя конкурсныя прагляды – у Глыбокім на Віцебшчыне. Не так даўно фестываль перажыў цяжкасці, у мінулым годзе яго правядзенне было нават пад пытаннем, але ўсё ж кінафорум атрымалася захаваць. У гэтым годзе “Magnifikat” упершыню падтрымае, можна сказаць, уся краіна. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла арганізаваць збор сродкаў для фестываля ва ўсіх парафіях.

Аркамітэт, у сваю чаргу, абяцае ўдыхнуць у знакаміты кінафорум новае жыццё, знайсці новы погляд на яго і развіваць шляхі папулярызацыі хрысціянскага кінематографа, паведаміў Юрый Гарулёў. “Ёсць такая форма, як рэха фестываля. Мы яе не да канца асвоілі, можна сказаць толькі пачынаем асвойваць. Людзі павінны не толькі ведаць, што ёсць такі фестываль, людзі павінны глядзець гэтыя фільмы. І не толькі ў Мінску і Глыбокім, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Гэта павінна адбывацца кожны год. Напрыклад, мы дамовіліся з нейкай парафіяй, пробашч вызначае дзень, і мы прыязджаем са сваёй праграмай і паказваем фільмы. І чым больш такіх паказаў, тым больш людзі будуць ведаць пра фестываль”, - лічыць старшыня кінафорума.

Гэтыя фільмы не дэманструюць па тэлебачанні, рэдка яны з’яўляюцца і на афішах кінатэатраў, але запатрабаванасць у фестывальным хрысціянскім кіно ёсць. Гэта арганізатары форума бачаць на свае вочы, таму і фестываль павінен жыць. “Два гады таму мы рабілі кінапрагляды ў Гродна, у галоўным кінатэатры горада. І тры дні ён збіраў аншлагі. Людзі выходзілі і дзякавалі са слязамі на вачах, што пабачылі гэтыя фільмы, бо нідзе больш такой магчымасці не было. І гэта сведчыць аб тым, што запатрабаванасць ёсць”, - адзначыў Юрый Гарулеў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Трэба адзначыць, што хрысціянскае кіно ў секулярнай Еўропе ў апошні час увогуле не знаходзіць падрымкі. Таму і для гледачоў, і для майстроў, якія прымаюць удзел у фестывале, Беларусь – выключная пляцоўка, дзе, незалежна ад веравызнання, можна задаць самыя вострыя пытанні і прадставіць свой погляд на значныя праблемы сучаснасці – праз найважнейшае сярод мастацтваў. Зусім скора для 10-ага, юбілейнага фестывалю “Magnifikat” прагучыць “матор”.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.