2014-07-16 11:05:11

Папу чарговы раз запрасілі наведаць Мексіку


RealAudioMP3 З чарговым запрашэннем папе Францішку наведаць Мексіку звярнуўся Прэзідэнт краіны, Энрыке Пенья Ньета. Ён перадаў яго падчас сустрэчы з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, які прабываў там з афіцыйным візітам. Ватыканскі іерарх быў прыняты ў Нацыянальным палацы, рэзідэнцыі ўрада. Прэзідэнт Мексікі запрашаў ужо Пантыфіка асабіста падчас свайго візіту ў Ватыкан. Ён прадставіў тады Францішку прапановы свайго ўрада па рэформах, якія датычаць грамадскага развіцця краіны. “Зараз застаецца вызначыць дні, даты і магчымасць здзейсніць такі візіт. Мексіканскі народ не можа дачакацца Яго Святасці. Я спадзяюся, што ён пажадае ўшанаваць нас сваёй прысутнасцю ў найбліжэйшай будучыні”, - сказаў Пенья Ньета.

Таксама кардынал Паралін узгадаў гэта пытанне ў гутарцы з журналістамі перад сустрэчай з Прэзідэнтам. Ён падкрэсліў, што Папа вельмі зацікаўлены запрашэннем, скіраваным да яго як праз мексіканскіх біскупаў, так і кіраўніцтва краіны. “Я думаю, што Святы Айцец будзе вельмі задаволены магчымасцю наведаць Мексіку, асабліва ўспамінаючы цёплы прыём, які спаткаў тут яго папярэднікаў, Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI”, - сказаў кардынал Дзяржсакратар.

Ватыканскі дыпламат атрымаў з рук Прэзідэнта Мексікі “Ордэн ацтэкскага арла” – вышэйшую ўзнагароду краіны для замежных палітыкаў. У спецыяльным паведамленні з гэтай нагоды было падкрэслена, што кардынал Паралін мае заслугі перад Мексікай, бо ў якасці супрацоўніка Апостальскай нунцыятуры ў Мехіка ў 1989-1992 гг. шмат у чым паспрыяў візіту Яна Паўла II у 1990 г. у гэту краіну і ўсталяванню поўных дыпламатычных адносін са Святым Пасадам, якія былі спынены ў сярэдзіне ХІХ ст., у адказ на нацыяналізацыю касцёльнай маёмасці і радыкальнае аддзяленне Касцёла ад дзяржавы.







All the contents on this site are copyrighted ©.