Старшыня Папскай рады пра выклікі для афрыканскай сям’і
Аб цэнтральным месцы
сям’і ў Касцёле і грамадстве Афрыкі казаў у сталіцы Конга, Бразавіль, арцыбіскуп Вінчэнца
Палья. Старшыня Папскай Рады па справах сям’і ўдзельнічаў у пасяджэнні Асацыяцыі Біскупскіх
Канферэнцый Цэнтральнай Афрыкі (ACERAC), якое завяршылася 13 ліпеня 2014 г. На асамблеі
прысутнічалі біскупы з Камеруна, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Чаду, Конга, Экватарыяльнай
Гвінеі і Габона. Дыскусія засяродзілася на сям’і ў перспектыве двух бліжэйшых пасяджэнняў
Сінода Біскупаў, прысвечаных гэтай тэме.
Ватыканскі іерарх нагадаў, што папа
Францішак для першага падчас свайго пантыфікату Сінода абраў тэму сям’і, беручы ўзор
з Яна Паўла II. Ён таксама свой першы Сінод Біскупаў, плёнам якога стала адгартацыя
“Familiaris Consortio”, прысвяціў гэтай тэме. Святы Папа неаднаразова звяртаў увагу
на важнасць сям’і для Афрыкі. У сваёй адгартацыі, выдадзенай пасля першага для гэтага
кантыненту спецыяльнага Сіноду, „Ecclesia in Africa”, ён напісаў, што ў афрыканскай
культуры і традыцыі шырока прызнаецца асноватворная роля сям’і. Афрыканец, адкрыты
на веліч сям’і, любові і жыцця, любіць дзяцей, якіх прымае з радасцю, як дар Божы.
Тым не менш, - звярнуў увагу арцыбіскуп Палья - афрыканская сям’я знаходзіцца
пад уплывам глабалізацыі. Ён нагадаў меркаванне Бэнэдыкта XVI, які ў адгартацыі “Africae
munus”, выдадзенай пасля другога Сінода для Афрыкі, паказаў на існуючыя там праблемы.
Таксама і на афрыканскім кантыненце існуюць працэсы, якія маюць на мэце скажэнне паняцця
сужэнства і сям’і, дэвальвацыі мацярынства, баналізацыі абортаў, палягчэння разводаў.
Квітнее рэлятывізм “новай этыкі”, звярнуў увагу Папа. Над гэтымі вылікамі - падкрэсліў
старшыня Папскай рады па справах сям’і - трэба разважаць. І добра, што Касцёл у Афрыцы
ўжо робіць гэта.