2014-07-15 13:00:47

Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду: прызнаць каштоўнасць права на перамяшчэнне


RealAudioMP3 Рашэнне праблемы міграцыі праходзіць праз культурныя і сацыяльныя пераўтварэнні, праз адмову ад “культуры закрыцця” і пашырэнне “культуры гасціннасці і сустрэчы”, лічыць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Ён выступіў 14 ліпеня 2014 г. на семінары па пытаннях міграцыі, які праходзіў у Мехіка. Галоўнай тэмай форуму быў гуманітарны крызіс, звязаны з дзяцьмі-мігрантамі, якія вандруюць у адзіночку з Цэнтральнай Амерыкі ў ЗША. Кардынал нагадаў пра цэнтральную ролю хрысціянства ў прызнанні годнасці і роўнасці кожнага чалавека, створанага на вобраз і падабенства Бога. Перад сучаснымі грамадствамі стаіць выклік “прызнання каштоўнасці перамяшчэння чалавека”. Ніхто не можа зачыняцца ў сабе, але павінен быць гатовым прыняць іншых і служыць ім. На феномен міграцыі не можна адказваць толькі заканадаўчым шляхам, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Тут патрэбна супрацоўніцтва паміж асобамі, арганізацыямі, грамадзянскай супольнасцю, установамі і краінамі. У гэтым кантэксце, - адзначыў ён - Касцёл быў і заўсёды будзе адкрытым супрацоўнікам. Ён звярнуўся да ўладаў Злучаных Штатаў аказаць дапамогу і абарону дзецям, якія праходзяць мяжу без суправаджэння дарослага, колькасць якіх расце ў геаметрычнай прагрэсіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.