2014-07-15 11:48:33

Ватыканская газета падвяла вынікі Мундзіялю


RealAudioMP3 Перамагла каманда – такімі словамі ватыканская газета “L’Osservatore Romano” пракаментавала фінал Чэмпіяната свету па футболе, які завяршыўся ў Бразіліі. Германія стала чэмпіёнам свету, абыграўшы Аргентыну з лікам 1:0 у дадатковы час. “Павінен быў выйграць фактар “М” – Месі супраць фактару “М” – Мюлера, або аргентынскі капітан Хаўер Маскерана супраць “Mannschaft” – нямецкай каманды. Можа быць таксама фактар “М” як Марыё, Марыё Гётцэ – аўтар цудоўнага голу, які за сем хвілін да канца дадатковага часу вырашыў на стадыёне Маракана ў Рыа-дэ-Жанейра вынік фіналу Кубка свету па футболе. Але, перш за ўсё, выйграў фактар “M”, які трэба разумець як “мерытакрацію”. Фінал сапраўды прынёс перамогу тым, хто найбольш заслужыў Кубак”, - гаворыцца ў артыкуле.

Яго аўтар, Дам’яна Тамазі, падкрэслівае, што сёлетні Чэмпіянат стаў трыумфам футболу як каманднай гульні, “калі ў камандным відзе спорту шануюць калектыў, бесперапынны рух усіх яго элементаў, кожнага са сваімі індывідуальнымі асаблівасцямі – яны могуць быць зоркамі, але яны служаць усім. Германія падчас паборніцтваў прадэманстравала гэта, падкрэсліў ён.
Аб праекце, які на працягу дзесяці гадоў прывёў каманду Германіі да самага высокага ўзроўню ў галіне футбола, гаворыць таксама Сандра Маццола, які звяртае ўвагу на “на няспоўненую сустрэчу з міфам” Лео Месі. “Без сумневу, гэта вялікі футбаліст, мае выдатную тэхніку і неспасцігальную хуткасць гульні, але ясна, што ён не вытрымлівае напружання, якое суправаджае некаторыя матчы”, - сказаў Маццола ў размове з ватыканскім выданнем.

Ён падкрэсліў дзве рысы “бразільскага” першынства. Гэта быў чэмпіянат дадатковага часу – вялікага балансу і таго, чаго не хапае вялікіх майстроў. Гэта быў таксама чэмпіянат галкіпераў – акрамя Нойера мы бачылі шэсць або сем сярод іх, чые навыкі сталі вырашальнымі. Гэта была адна з навінак сёлетняга Чэмпіяната свету, лічыць эксперт.







All the contents on this site are copyrighted ©.