2014-07-14 12:39:03

Пантыфік сустрэўся з эканамістамі і супрацоўнікамі буйных карпарацый


RealAudioMP3 Папа выказаў шкадаванне з нагоды нізкай нараджальнасці ў многіх еўрапейскіх краінах. Адмова мець дзяцей з’яўляецца часткай “культуры адходаў”, якая адчужае ўсё, што непасрэдна не прыносіць матэрыяльнай выгады, сказаў Францішак да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі ў Ватыкане на тэму глабальнай эканомікі. Да гэтага кантэксту належыць таксама “выдаленне” з грамадскага жыцця пажылых людзей і адсутнасць перспектыў для моладзі. “Цэлае пакаленне моладзі выкінута, і гэта вельмі дрэнна”, - сказаў Пантыфік. Чалавек губляе сваю чалавечнасць, калі ён думае пра іншых толькі як аб сродку для дасягнення сваёй мэты. Асоба, у такім выпадку, становіцца інструментам несправядлівай сістэмы. “Ідэя палягае на тым, каб выратаваць чалавека і надаць яму ізноў цэнтральнае месца”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак выступіў 12 ліпеня 2014 г. увечары перад удзельнікамі двухдзённай канферэнцыі на тэму агульнага дабра і інклюзіўнай эканомікі. Сярод 70 гасцей форуму былі прадстаўнікі міжнародных арганізацый, навукоўцы і супрацоўнікі буйных карпарацый. Ён быў арганізаваны Папскай радай “Iustitia et Pax” у супрацоўніцтве з Дзяржсакратарыятам Святога Пасаду для абмеркавання аднаго з ключавых пытанняў паслясінадальнай адгартацыі “Evangeliі Gaudium”. У заключэнні сустрэчы Святы Айцец прысутнічаў на абедзе з яе ўдзельнікамі.

Ён адзначыў, што, калі чалавек не стаіць у цэнтры эканамічнай сістэмы, у ёй заўсёды будзе пераважаць няроўнасці. “Што можна чакаць, калі чалавек губляе сваю чалавечнасць? Гаворачы звычайнай мовай, вяртаецца палітыка, сацыялогія і дзейнасць адчужэння”, - сказаў Папа. Ён растлумачыў, што гаворка ідзе аб непрыняцці дзяцей, паколькі прынамсі ў Еўропе драматычны ўзровень нараджальнасці; непрыняцці пажылых людзей, таму што сьтановяцца не патрэбнымі. “А зараз? Выкідваецца цэлае пакаленне маладых і гэта самае горшае”, - перакананы Францішак.

Пантыфік адзначыў, што статыстыка гаворыць пра каля 75 млн. беспрацоўных маладзейшых за 25 гадоў і нагадаў, што гэта пакаленне “ні-ні”, гэта значыць, яны ні вучыцца, ні працуюць. Яны проста не маюць магчымасці рабіць гэтага, сказаў са шкадаваннем Святы Айцец.

У арганізацыі семінару Папскай радзе дапамагалі Сусветны банк, Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця і ўстановы ААН, якія займаюцца сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі. Падставай для прац стала таксама навучанне папы Францішка, які часта звяртаецца да пытання агульнага дабра і патрэбы ў эканамічнай сістэме, якая інтэгруе ў сябе ўсіх людзей. “Голас Папы ўсё больш слухаюць, бо ён упісваецца ў чалавечыя патрэбы, у чаканні народаў і ўсёй чалавечай сям’і”, - сказаў біскуп Марыа Тоза ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Гэта тычыцца не толькі эканомікі, але і пытанняў міру і ўстойлівага развіцця, дадаў ён і падкрэсліў, што такія форумы пакліканы ўнесці ўклад у фарміраванне новага пакалення людзей, якія возьмуць на сябе адказнасць за эканамічную, сацыяльную і палітычную будучыню народаў.

У сваім дакладзе на семінары сакратар Папскай рады “Iustitia et Pax” падкрэсліў, што прапанова адгартацыі “Evangeliі Gaudium” аб інклюзіўнай эканоміцы, якая больш шырока ўключае ў сябе чалавека, не знаходзіцца ў супярэчнасці з прынцыпамі рынкавай эканомікі.







All the contents on this site are copyrighted ©.