2014-07-12 11:39:36

Кардынал Пэл: Святы Пасад хоча стаць узорам у фінасавых пытаннях


RealAudioMP3 Цяперашняя рэформа з’яўляецца вынікам пазіцыі кардыналаў, якія перад канклавам запатрабавалі спыніць скандалы ў Ватыкане. Аб гэтым факце сказаў кардынал Джордж Пэл, які быў прызначаны Святым Айцом прэфектам Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, новай структуры, якая адказвае за фінансы Святога Пасаду і Ватыкана. У інтэрв’ю штодзённіку “Corriere della Sera” аўстралійскі кардынал прызнаўся, што ён вельмі сур’ёзна ставіцца да функцыі, ускладзенай на яго, аднак, як падкрэсліў, “без падтрымкі папы Францішка ня шмат можна зрабіць”. На яго думку, змены не могуць адбывацца “па ўзмаху чарадзейнай палачкі”; яны павінны быць заснаваны на стратэгіі настойлівасці. Мэта ў тым, каб ачысціць ватыканскія фінансы з атмасферы сенсацый і скандалаў. Інструментамі для гэтага павінны быць празрыстасць, сучасны прафесіяналізм і сумленнасць. Важную ролю тут грае супрацоўніцтва духавенства са свецкімі.

Адказваючы на пытанне пра нібыта “дэітальянізацыю” эканамічных структур Апостальскай Сталіцы, аб чым часта гавораць італьянскія СМІ, кардынал Пэл сказаў, што “гэтыя ўстановы належаць да Паўсюднага Касцёла, а не да Вікарыята Рыма”. Ён запэўніў, аднак, што таксама італьянец хутка ўвойдзе ў Назіральную раду Інстытута рэлігійных спраў, і акрамя таго, як заўважыў, у Рымскай курыі працуе шмат “цудоўных італьянцаў”.

Свае адносіны з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам аўстралійскі іерарх акрэсліў як шчырыя і сардэчныя. У рэальнай сітуацыі адной і той жа сістэмы мы як два блізняты, дадаў ён.

Апошняй тэмай, аб якой гаварылася ў інтэрв’ю, былі фінансавыя адносіны з Італіяй, што, як здаецца, ляжыць у падставе праблем Ватыканскага банку, які апошнім часам мацней звязаў сябе з “Deutsche Bank”. “Хутка ў нас будуць два новых пракуроры па ажыццяўленні палажэнняў па барацьбе з адмываннем грошай і ўвядзенні ў жыццё новага Крымінальнага кодэксу”, - адказаў кардынал Пэл. “Вядома, павінен быць захаваны наш суверэнітэт, але мы хочам у поўнай меры адпавядаць міжнародным правілам, і нават стаць свайго роду ўзорам для пераймання. Адносіны з Італіяй павінны ў бліжэйшы час нармалізавацца”, - сказаў прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.