2014-07-12 12:34:00

Кардынал Дзяржсакратар атрымае вышэйшую ўзнагароду Мексікі


RealAudioMP3 Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін, будзе ўзнагароджаны “Ордэнам ацтэкскага арла” – вышэйшай узнагародай Мексікі. Мясцовы ўрад падкрэсліў, што ў якасці супрацоўніка Апостальскай нунцыятуры ў Мексіцы ў 1989-1992 гг. кардынал Паралін шмат у чым паспрыяў візіту Яна Паўла II у 1990 г. у гэту краіну і ўсталяванню поўных дыпламатычных адносін Мексікі са Святым Пасадам. Акрамя таго, працуючы ў Дзяржаўным Сакратарыяце ў 2002-2009 гг. цяперашні яго кіраўнік заўсёды выступаў за правы чалавека ў Мексіцы.

Цырымонія ўручэння ордэна адбудзецца 15 ліпеня 2014 г. У гэты час кардынал Дзяржсакратар будзе прымаць удзел у Мексіцы ў міжнароднай канферэнцыі па міграцыі, арганізаванай сумесна Святым Пасадам і мексіканскім міністэрствам замежных спраў.

“Ордэн ацтэкскага арла” з’яўляецца вышэйшай узнагародай, якая даецца мексіканскімі ўладамі замежным палітыкам.

У сярэдзіне ХІХ ст., у адказ на нацыяналізацыю касцёльнай маёмасці і радыкальны падзел Касцёла ад дзяржавы, Апостальская Сталіца разарвала дыпламатычныя адносіны з Мексікай. Афіцыйна яны былі адноўлены праз 130 гадоў. Гэта адбылося праз два гады пасля візіту Яна Паўла II.







All the contents on this site are copyrighted ©.