2014-07-11 12:47:54

Святы Пасад высока цэніць патэнцыял індустрыі турызму


RealAudioMP3 Як турызм можа спрыяць інтэгральнаму развіццю чалавека? – гэтым пытаннем задаюцца аўтары паслання Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў на Сусветны дзень турызму, які будзе адзначацца 27 верасня 2014 г. Для гэтага патрыбны “збалансаваны прагрэс” трох складаючых турыстычнай індустрыі: эканамічнай, сацыяльнай і экалагічнай. Прычым, пад апошняй разумеецца як экалагічны, так і культурны кантэкст. Турызм з’яўляецца адным з ключавых фактараў эканамічнага развіцця, улічваючы, што ён забяспечвае ад 7% да 8% працоўных месцаў у свеце і на яго прыходзіцца 30% сусветнага экспарту паслуг. “Такім чынам, турызм з’яўляецца адным з найбольш жыццяздольных і ўстойлівых варыянтаў па скарачэнні маштабаў галечы ў найбольш бедных раёнах”, праз стварэнне працоўных месцаў і развіццё інфраструктуры, гаворыцца ў пасланні, апублікаваным 11 ліпеня 2014 г. у Ватыкане. Важна, аднак, каб эканамічныя выгады ад турызму ахоплівалі ўсе слаі мясцовага грамадства і адпавядалі этычным крытэрыям. “Ніхто не можа будаваць свой росквіт за кошт іншых”, - напісана ў дакуменце.

Выгады ад турызму не могуць быць зведзены выключна да эканомікі. Ёсць і іншыя вымярэнні, роўныя з эканамічным або яшчэ больш важныя: культурнае ўзбагачэнне, магчымасць для сустрэчы, садзейнічанне ўзаемнай павазе і цярпімасці, супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі і прыватнымі арганізацыямі, умацаванне грамадзянскай супольнасці, паляпшэнне сацыяльных умоў супольнасці, стымул для ўстойлівага эканамічнага і сацыяльнага развіцця, а таксама садзейнічанне прафесійнаму развіццю моладзі.

Святы Пасад лічыць, што галоўную ролю ў развіцці турызму павінны граць мясцовыя супольнасці. Бо для турыстаў важны не толькі прыгожы пейзаж або зручная інфраструктура, але і мясцовыя каларыт і культура. Менавіта мясцовыя супольнасці павінны адчуваць пакліканне абараняць сваю прыродную і культурную спадчыну. Хрысціяне, члены гэтых супольнасцяў, павінны быць здольнымі адлюстраваць сваё мастацтва, традыцыі, гісторыю і маральныя і духоўныя каштоўнасці, але, перш за ўсё, веру.

Каталіцкі Касцёл прызнае патэнцыял індустрыі турызму ў многіх частках свету і стварае простыя, але эфектыўныя праекты. Усё большая колькасць хрысціянскіх асацыяцый арганізуюць турызм у менш развітых напрамках ці так званы “салідарны або валанцёрскі турызм”, якія дазваляе людзям спалучыць адпачынак з дапамогай краінам, якія развіваюцца. Акрамя таго, Касцёл дапамагае ў падрыхтоўцы кадраў для турыстычнай сферы. Шматлікія парафііі ў турыстычных зонах прапануюць літургічныя, адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы, з надзеяй, што людзі ў час адпачынку не забудуцца пра Бога. Гэтыя душпастырскія прапановы маюць усё больш важнае значэнне, асабліва ў перыяд, калі развіваецца так званы “эмпірычны турызм”, які імкнецца ўсталяваць сувязі з мясцовым насельніцтвам і дазваляе турыстам адчуць сябе членамі супольнасці.

У пасланні гучыць заклік да святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, якія працуюць над праектамі ў сферы турызму, не забывацца, што іх галоўнай мэтай павінна быць евангелізацыя.







All the contents on this site are copyrighted ©.