2014-07-11 13:57:46

Новы кіраўнік Ватыканскага банка назваў прыярытэты сваёй працы


RealAudioMP3 Асобам, адказным у Ватыкане за фінансавыя справы, на думку новага кіраўніка Інстытута рэлігійных спраў – Ватыканскага банка – французскага фінансіста Жана-Батыста дэ Франсю, не заўсёды хапала вопыту. У гэтай сферы часта былі занятыя прадстаўнікі духавенства, якія не мелі адпаведных навыкаў. Яны проста былі не ў стане сачыць і ісці ў нагу са зменамі ў сусветнай фінансавай сістэме, прызнаўся новы дырэктар у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Існуе патрэба ў большай колькасці спецыялістаў у ватыканскіх адміністрацыйных і фінансавых структурах. “Менавіта гэта мае намер зрабіць цяпер Святы Пасад”, - сказаў дэ Франсю.

Першая задача Інстытута рэлігійных спраў – аказваць паслугі касцёльным уладам, дыяцэзіям і дапамагаць Папе ў фінансаванні праектаў, звязаных з сацыяльнай сферай і распаўсюджваннем веры, адзначыў французскі эканаміст. На другім месцы стаіць павышэнне празрыстасці, у чым папярэднік дэ Франсю, Эрнст фон Фрэйберг, ужо шмат што зрабіў. Сваёй трэцяй задачай новы дырэктар лічыць прывядзенне працы Ватыканскага банку поўнасцю да міжнародных стандартаў. “Інстытут рэлігійных спраў ні ў чым не павінен адрозніваецца ад буйных банкаў”, - лічыць ён.

51-гадовы француз 9 ліпеня 2014 г. змяніў на пасадзе кіраўніка Ватыканскага банка немца фон Фрэйберга, які правёў у Ватыкане 17 месяцаў.

На спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане 9 ліпеня 2014 г., прысвечанай фінансавай рэформе, было агучана, што на працягу наступных трох гадоў будзе перагледжаны статут Ватыканскага банка і яго дзейнасць. Падставай стануць тры стратэгічныя прыярытэты: умацаванне бізнес-асновы Інстытута, паступовы пераход фінансаў пад кіраванне новаствораным Упраўленнем па кіраванні ватыканскімі актывамі (Vatican Asset Management) і факусіраванне Ватыканскага банка на фінансавых кансультацыях і паслугах для духавенства, парафій, дыяцэзій і супрацоўнікаў Ватыкана.







All the contents on this site are copyrighted ©.