2014-07-10 10:45:32

Кардынал Пэл патлумачыў свае мэты на новай ватыканскай пасадзе


RealAudioMP3 “Перш за ўсё, мы працуем над тым, каб міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці былі прыняты ўсімі дыкастэрыямі і структурамі Святога Пасаду і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан”, - сказаў кардынал Джордж Пэл, прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, новастворанага органу, які займаецца ўсёй ватыканскай фінансавай палітыкай. Іерарх адзначыў, што шлях рэформ дакладна вызначаны і ўсё рухаецца згодна з запланаванымі крокамі. Акцэнт пастаўлены на пытанні празрыстасці, “пра што сведчаць гадавыя справаздачы, падрыхтаваныя знешнімі ўстановамі”. Таксама Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан, якое атрымала асаблівыя паўнамоцтвы па барацьбе з адмываннем грошай, і, у склад якога ўвайшлі новыя супрацоўнікі, “працуе на поўнай хуткасці, і па-ранейшаму з’яўляецца інструментам кіравання ў фінансавых пытаннях”, - сказаў кардынал Пэл 9 ліпеня 2014 г. падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане.

Аўстралійскі іерарх таксама падкрэсліў прынцып партнёрства ў ажыццяўленні рэформ і патлумачыў мэты, якія ляжаць у іх аснове. “Вельмі важнай навінкай, матываванай тэалагічнымі і іншыя меркаваннямі, з’яўляецца агульнае правіла, што ў справах эканомікі, пачынаючы ад Рады па эканамічных пытаннях, працуюць разам духавенства і свецкія вернікі. Кожны з іх мае голас. Гэта, несумненна, важная інавацыя, якую рашуча прыняў Святы Айцец”, - звярнуў увагу кардынал-прэфект. На яго погляд, такі падыход ужо даў свае вынікі, бо кожны з членаў падпісвае свой дакумент, пацвярджаючы, што ў дадзеным пытанні не існуе канфлікту інтарэсаў, або звяртае ўвагу на тую плоскасць, дзе гэтыя рэчы з’яўляюцца.

Усё гэта, лічыць кардынал Джордж Пэл, павінна прывесці да фінансавага поспеху, які будзе забяспечваць даходы, неабходныя для дзейнасці Касцёла, асабліва на службе шырока разуметаму грамадству. Мэтай сваёй дзейнасці іерарх лічыць змену мыслення аб ватыканскіх фінансах. Ён жадае, каб Святы Пасад і Ватыкан прапанавалі прыклад “мадэлі фінансавага кіравання”, а не былі “прычынай выпадковых скандалаў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.