2014-07-09 14:41:33

Ватыканскі кардынал: Касцёл уносіць уклад у сусветнае агульнае дабро


RealAudioMP3 Вучэнне Касцёла пра агульнае дабро і развіццё нагадаў у Мюнхене кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”. Ён выступіў падчас сустрэчы пад назвай “Справядлівасць, мір, развіццё. Глабальнае партнёрства ў службе агульнаму дабру” у Баварскай каталіцкай акадэміі. Езуіцкая навучальная ўстанова вядзе міжкультурны праект “Развіццё на службе сусветнаму агульнаму дабру”. Кардынал Тарксан спаслаўся на сімвалічныя жэсты і прароцкія заявы папы Францішка. Ён нагадаў, што мэтай сваёй першай паездкі ён абраў італьянскі востраў Лампедуза, месца трагедыі афрыканскіх бежанцаў. Нядаўна ён выступіў з беспрэцэдэнтным запрашэннем да прэзідэнтаў Ізраіля і Палестыны разам маліцца за мір. Пантыфік часта кажа пра неабходнасць выхаду на перыферыі і наданні цэнтральнага месца чалавеку, а не грашам.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі зацытаваў словы Яна Паўла ІІ з Апостальскай адгартацыі “Ecclesia in Europa” аб важнасці сацыяльнага вучэння Касцёла для пабудовы цывілізацыі, годнай чалавека. “Дзякуючы прапанаванаму набору правілаў, гэта вучэнне спрыяе стварэнню трывалых асноў сацыяльнага жыцця ў чалавечым маштабе, у справядлівасці, ісціне, свабодзе і салідарнасці”. Яно “арыентавана на абарону і пашырэнне чалавечай годнасці” і стварае падставу “не толькі для эканамічнага і палітычнага жыцця, але і для сацыяльнай справядлівасці і міру”.

Кардынал таксама спаслаўся на заяву Паўла VI у энцыкліцы “Populorum Progressio”, што “развіццё – гэта новае імя міру”. Ён адзначыў, што гэтыя словы дапоўніў Бэнэдыкт XVI, які ў сваёй энцыкліцы “Caritas in Veritate” напісаў, што развіццё народаў залежыць, перш за ўсё, ад прызнання імі таго, што з’яўляюцца адной сям’ёй. Кардынал Тарксан адзначыў, што Касцёл, выконваючы сваю місію для чалавецтва, уносіць сёння “канкрэтны ўклад у сусветнае агульнае дабро”.







All the contents on this site are copyrighted ©.