2014-07-08 10:17:06

Францішак заклікаў венесуэльцаў да ўзаемаразумення і прымірэння


RealAudioMP3 Папа Францішак папрасіў венесуэльскага Прэзідэнта Нікаласа Мадуру стаць на шлях узаемаразумення і прымірэння. Пантыфік звярнуўся са сваім пасланнем з нагоды нацыянальнага свята Венесуэлы, якое адзначаецца 5 ліпеня. Ён заклікаў да справядлівасці, гармоніі і ўзаемаразумення ў грамадстве. Перададзены праз Апостальскую нунцыятуру ў Каракасе дакумент датаваны 20 чэрвеня. Ужо некалькі разоў у апошнія месяцы Папа выказваў занепакоенасць сітуацыяй у паўднёваамерыканскай краіне. У красавіку, падчас канфлікту паміж урадам Прэзідэнта Мадуры і нацыянальным апазіцыйным альянсам, ён заклікаў да прымірэння і пераадолення “палярызацыі”. Таксама ў сваім велікодным пасланні Францішак паўтарыў свой заклік. У канцы красавіка ў Ватыкане ён меў доўгую гутарку з арцыбіскупам Каракаса кардыналам Хорхе Ліберата Уроса Савіна.

Святы Пасад узяў на сябе ролю пасярэдніка ва ўмовах цяперашняга крызісу ў Венесуэле пасля таго, як урад папрасіў аб гэтым. Апостальскі нунцый у паўднёваамерыканскай краіне, арцыбіскуп Альда Джардана, прымае ўдзел у перамовах. Першапачаткова Дзяржаўны дэпартамент у Каракасе нават запрашаў прыняць удзел у перамовах кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, які з 2009 г. па 2013 г. быў тут Апостальскім нунцыем.







All the contents on this site are copyrighted ©.