2014-07-08 13:37:30

Святы Пасад звярнуў увагу на праблемы маракоў


RealAudioMP3 “На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, мора было месцам, дзе перасякаліся маршруты даследчыкаў і шукальнікаў прыгод, дзе бітвы вызначалі ўзлёт або падзенне многіх народаў. Але гэта, перш за ўсё, прывілеяванае месца для абмену таварамі і сусветнага гандлю”, - такімі словамі пачынаецца пасланне Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, апублікаванае 8 ліпеня 2014 г. і прызначанае на “Нядзелю мора”, якая будзе адзначацца 13 ліпеня. Аўтары паслання прапануюць усвядоміць цяжкасці, з якімі маракі сутыкаюцца штодня, і іх каштоўнае служэнне, дзякуючы якому людзі атрымліваюць многія рэчы для выкарыстання ў паўсядзённым жыцці, нават не задумваючыся аб гэтым. “Калі мы паназіраем за іх жыццём старанна, мы адразу зразумеем, што яно не такое рамантычнае і авантурнае, якім часам паказана ў фільмах і раманах”, - гаворыцца ў пасланні. Жыццё маракоў з’яўляецца цяжкім і небяспечным. Існуе рызыка пірацтва, якое трансфармуецца ў новыя формы, небяспека крыміналу, сацыяльная неабароненасць.

Папская рада нагадвае, што Касцёл на працягу больш за дзевяноста гадоў прапануе людзям мора сваю арганізаваную душпастырскую апеку праз Ініцыятыву апостальства мора. Кожны год тысячы маракоў атрымліваюць дапамогу ў партах праз каталіцкія цэнтры “Stella Maris”, месцы адметныя сваёй гасціннасцю. Там яны могуць адчуць хатняе цяпло, адпачыць ад карабля, навязаць кантакт з сям’ёй праз выкарыстанне розных сродкаў сувязі. Валанцёры штодня наведваюць маракоў на судах, у бальніцах, у замежных партах, прапануючы ім словы суцяшэння і канкрэтную падтрымку ў выпадку неабходнасці. Капеланы заўсёды гатовыя прапанаваць духоўную дапамогу, асабліва падчас цяжкасцяў. Апостальства мора дае голас тым, хто часта не мае права голасу, асуджаючы злоўжыванні і несправядлівасць, баронячы правы людзей на моры і заклікаючы кіраўніцтва асобных краін прытрымлівацца міжнародных канвенцый, гаворыцца ў пасланні.

Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў выказвае ўдзячнасць усім тым, хто працуе ў марской галіне і заклікае да малітвы да Марыі, Зоркі мора, каб вяла, навучала і абараняла людзей мора.







All the contents on this site are copyrighted ©.